Магілёўская суддзя заявіла, што яна не мае патрэбы ў беларускай мове

Суддзя Кастрычніцкага суда Наталля Крашкіна заявіла, што яна – “не чыноўнік, а араты», такім чынам, у яе няма прычын размаўляць па-беларуску.

10 жніўня. Магілёў. Суд Кастрычніцкага раёна. Алесь Святліцкі


Разгляд скаргі праваабаронцы Аляксея Колчына раніцай 10 жніўня прывёў да нечаканай развязкі – ён, разам з двума сваімі таварышамі, якія прысутнічалі на судзе як гледачы, стаў сведкам, як сістэма зноў адрынае беларускую мову.

У самым пачатку паседжання, на якім Колчын абскарджваў штраф ДАІ, ён хадайнічаў пра тое, каб працэс вёўся на беларускай мове. У адказ суддзя Наталля Крашкіна дазволіла размаўляць яму на беларускай. Калі Колчын патлумачыў ёй, што хацеў бы, каб і яна размаўляла на нацыянальнай мове, Крашкіна наадрэз адмовілася. Яна заявіла, што не мае пад рукой заканадаўства на беларускай мове, таму не можа весці працэс.  Акрамя таго, яна паведаміла, што ў школе вывучала толькі рускі і не бачыць ніякай патрэбы ў тым, каб ведаць яшчэ і другую дзяржаўную мову. Тым больш, што яна, як і іншыя суддзі, не здавалі суадносы іспыт, калі йшлі ў гэтую прафесію. Пасля гэтага Крашкіна сказала, што вучыць беларускаму трэба пачынаючы са школ, а не з суддзяў. Яна заявіла, што не разумее, навошта сам Колчын размаўляе па-беларуску. Праваабаронца адказаў, што не бачыць сэнсу адказваць на падобнае пытанне.

– Я цалкам згодны з тым, што суддзя наракае на адсутнасць заканадаўства на беларускай мове. Гэта насамрэч дзікунства з боку дзяржавы – ня мець кодэксаў, законаў на нацыянальнай мове. Што да словаў суддзі пра тое, што пачынаць трэба са школаў, пра міфічныя памылкі, пра тое, што размаўляць яна ня хоча, каб не памыляцца, – гэта ўсё стандартны набор адгаворак, якім людзі прыкрываюць сваё нежаданне гаварыць па-беларуску, – пракаментаваў словы суддзі Аляксей Колчын.

Калі ўслед ад прысутнага праваабаронцы Барыса Бухеля паступіла прапанова аб тым, каб сама Крашкіна ініцыявала працэс беларусізацыі заканадаўства, суддзя адказала, што займацца гэтым не будзе, паколькі яе ўсё задавальняе. Жаданне зменаў на карысць нацыянальнай мовы яна назвала “спробай зрабіць буру ў шклянцы”.

Аляксею Колчыну яна выставіла ў прэтэнзію тое, што ён, на яе думку, размаўляе з памылкамі, чаго яна сабе дазволіць, як суддзя, відавочна не можа.

– Вось вы пішыце па беларуску “скарга”, а больш правільна, як мне падаецца, “жалаба”. Скарга – гэта быццам крыўда нейкая ёсць, тут больш такі сэнс, – патлумачыла прысутным суддзя Наталля Крашкіна.

Барыс Бухель звярнуў увагу на тое, што па законе аб мовах, Крашкіна, як чыноўнік, абавязаная валодаць і расейскай, і беларускай. Суддзя парыравала гэты тэзіс тым, што чыноўнікам яна не з’яўляецца і па колькасці працы яна, як і яе калегі, больш падобныя на аратых.

У задавальненні скаргі Крашкіна Колчыну адмовіла.

Аляксею Колчыну далі штраф за тое, што ён рухаўся на ровары па праезнай часткі па вуліцы Піянерскай у Магілёве. Закон кажа, што па праезнай часткі раварыст можа рухацца ў тым выпадку, калі рух па тратуары немагчымы. Пры тым, што на Піянерскай тратуар ёсць, ягоная якасць і колькасць пешаходаў, якія ствараюць перашкоды раварыстам, робяць рух па ім немагчымым, лічыць праваабаронца.

Наталля Крашкіна вядомая тым, што яна неаднаразова выносіла прысуды ў дачыненні да грамадзкіх актывістаў і палітыкаў. У 2007 годзе яна пакарала аднаго з лідэраў “Маладога фронту” Артура Фінькевіча да 1,5 гадоў зняволення за ўхіленне ад адбыцця пакарання за нанясенне антылукашэнкаўскіх графіці. У 2010 Крашкіна дала штраф у 20 базавых велічынь актывістцы Крысціне Шацікавай за распаўсюд газеты “Наш дом”

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў