Магілёўская спартсменка-дапінгістка цэліць у дэпутаты


ВЫБАРЫ-2018 / Friday, December 15th, 2017

Лёгкаатлетка Аксана Мянькова, якую ў 2016 пазбавілі алімпійскага медаля за допінг, вылучылася ў кандыдаты ў дэпутаты гарадскога Савета.

15 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Гарадская выбарчая камісія 15 снежня зарэгістравала ініцыятыўную групу Аксаны Мяньковай, у якую ўвайшлі чатыры чалавекі. Балатавацца экс-спартсменка збіраецца па Завадской выбарчай акрузе №2.

На сённяшні дзень Мянькова займае пасаду дырэктара ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву №5.

У 2008 годзе спартсменка заваявала залаты медаль у кіданні молата на Алімпійскіх гульнях-2008 у Пекіне. Пры гэтым Мянькова ўстанавіла рэкорд спаборніцтваў, кінуўшы снарад на 76 м 34 см.

Гэта стала сенсацыяй – раней, ды і ў наступным, Мянькова ніколі не дэманстравала падобных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах. За свае заслугі спартсменка атрымала прэмію “Беларускі спартыўны алімп» і была прызнана «Лёгкаатлеткай года-2008».

У лістападзе 2016 года Міжнародны Алімпійскі камітэт прызнаў, што Аксана Мянькова парушыла антыдопінгавыя правілы і пазбавіў яе алімпійскага медаля. Па дадзеных МАК, у пробе дзяўчыны знайшлі турынабол і аксандралон – анабалічныя стэроіды, якія павышаюць моц і трываласць чалавека.

Спартсменка не падавала апеляцыю і не спрабавала аспрэчыць рашэнне МАК.

Усяго 15 снежня былі зарэгістраваныя 46 ініцыятыўных груп. Агульная колькасць тых, хто збіраецца вылучацца зборам подпісаў у Магілёўскі гарадскі савет дэпутатаў 28 скліканняЮ, – 101 чалавек.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *