Ленінскі РАУС паведаміў праваабаронцы Аляксандру Хамратаву, што акцыя пратэсту каля кінатэатра “Кастрычнік” супраць фільма Аляксея Вучыцеля была незаконнай, але пакараць удзельнікаў не ўяўляецца магчымым.

20 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – Аліна Скрэбунова


26 кастрычніка ў Магілёве некалькі царабожнікаў выступілі супраць паказу фільма «Мацільда» у кінатэатры «Кастрычнік». На працягу пятнаццаці хвілін пратэстоўцы стаялі недалёка ад уваходу ў будынак з плакатамі «У краіны, дзе няма нічога святога, няма будучыні» і «Бог паганьбёны не бывае». Пасля гэтага яны сышлі.

Праваабаронца Аляксандр Хамратаў звярнуў увагу міліцыі на гэты інцыдэнт.

– Мне стала цікава, чаму людзей, якія ўдзельнічалі ў вясновых акцыях пратэсту супраць дэкрэта №3 каралі, а пікетоўцаў супраць Мацільды – не, – распавёў ён.

Намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін адказаў Хамратаву, што вернікі сапраўды парушылі закон, але адміністрацыйная справа ў дачыненні да іх была спыненая.

«У дзеяннях неўстаноўленай асобы ўгледжваецца склад адміністрацыйнага правапарушэння прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП, аднак справаводства па гэтым факце падлягае спыненню ў сувязі з не усталяваннем асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне», – сказана ў адказе міліцыянта.

Хамратаў назваў такі адказ «прадказальным». На яго думку, калі адбываюцца сур’ёзныя злачынствы, якія патрабуюць велізарнай працы і кваліфікацыі, злачынцаў знаходзяць за адну ноч і атрымліваюць ад іх прызнальныя паказанні. А ў сітуацыі з пікеце каля кінатэатра, з якога ёсць мноства фатаграфій з адкрытымі тварамі і калі людзі ў сацсетках пішуць, што ведаюць тых, хто стаяў з плакатамі, міліцыя дае адказ, што не можа нікога знайсці.

Мне было цікава, ці санкцыянавалі дадзены мітынг гэтыя “вернікі” і чаму яго не разагналі міліцыяй. Беларуская міліцыя перастала клапаціцца аб сваім іміджы, для яе галоўней выканаць патрабаванні начальства. Не захацелі гэтых вернікаў прыцягваць з той прычыны, што яны бліжэй да ўлады, чым простыя “дармаеды”, якім няма чаго есці і няма дзе працаваць. Відаць, пачуцці вернікаў у нашай краіне цэняцца вышэй, чым раўнапраўе і сацыяльная абароненасць, – лічыць Хамратаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *