Магілёўская міліцыя паклікала арганізатараў «прагулкі дармаедаў» на гутарку

Уладзіміра Шанцава і Алега Аксёнава запрасілі пагутарыць ў Ленінскі РАУС.

27 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Міліцыя адрэагавала на акцыі пратэсту супраць Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Днём, 27 лютага, сілавікі запрасілі кіраўніка АГП па Магілёўскай вобласці Уладзіміра Шанцава і каардынатара магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алега Аксёнава на прафілактычную гутарку.

Як распавёў mspring.online Шанцаў, яму патэлефанавалі ў разгар працоўнага дня:

– Мужчына па тэлефоне прадставіўся маёрам, сказаў, што хоча, каб я прыйшоў на прафілактычную размову. Я яму адказаў, што прыйду толькі ў тым выпадку, калі мне будзе ўручана позва. Тады ён спытаў, дзе я знаходжуся. У гэты момант я працаваў у сябе на кропцы, дзе аказваю паліграфічныя паслугі. Літаральна праз дзесяць хвілін да мяне заявіліся двое супрацоўнікаў міліцыі і ўручылі позву пад подпіс. Я пайду, мне баяцца няма чаго, – заявіў Шанцаў.

Паводле позвы, палітык павінен з’явіцца ў Ленінскі РАУС 27 лютага ў 17:30. Разам з ім да будынка падыдуць журналісты, а таксама праваабаронца Барыс Бухель.

Алег Аксёнаў

Такі ж званок атрымаў іншы палітык, які выступаў падчас мітынгу супраць Дэкрэта на дармаедства – Алег Аксёнаў.

– Мне патэлефанавалі на хатні тэлефон. Чалавек прадставіўся маёрам Яўгенам Слаўнікавым. Сказаў мне, што хацеў бы сустрэцца. Я адказаў яму, што сэнсу ў сустрэчы не бачу і што па кожным званку з міліцыі бегаць да іх не збіраюся. Калі ёсць пэўная справа – няхай выпісваюць позву. На гэта ён пацікавіўся, дзе мне можна яе ўручыць. Я спытаў, ці знаходжуся я пад наглядам, на што ён адказаў адмоўна. Тады я паведаміў, каб позву, калі са мной так моцна хочуць сустрэцца, высылалі на хатні адрас. Я сабе ні ў чым вінаватым не лічу і хавацца не збіраюся.

Алег Аксёнаў мяркуе, што цікаўнасць да палітыкаў з боку органаў унутраных спраў звязана альбо з падачай паведамлення аб правядзенні акцыі 15 сакавіка, альбо з мітынгам супраць падатку на дармаедства, які адбыўся 19 лютага.

mspring.online сочыць за сітуацыяй. Прачытаць пра развязку гісторыі з выклікам Уладзіміра Шанцава у РАУС вы зможаце на нашым сайце сёння ўвечары.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў