Магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковiча затрымалі

Яму могуць прад’явіць абвінавачанне па крымінальнай справе.

18 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Апазіцыянера Станіслава Паўлінковiча затрымалі 18 жніўня прыблізна а першай гадзіне дня. Пра гэта паведаміла ягоная маці. Пры затрыманні сына яна не прысутнічала. Пра затрыманне ёй паведаміў следчы. Наступныя 72 гадзіны актывіст будзе знаходзіцца пад вартай. За гэты час яму мусяць альбо прад’явіць абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве, альбо адпусціць.

Станіслава Паўлінковіча падазраюць у распаўсюдзе парнаграфіі ў сацыяльнай сетцы 6 гадоў таму. Пры гэтым адзіным доказам, пра які казаў актывіст, з’яўляецца скрыншот з неразборлівым малюнкам. 7 сакавіка да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі Ленінскага РАУС і зрабілі ператрус, у выніку якога канфіскавалі кампутарную тэхніку. Пасля гэтага амаль паўгады Паўлінковіч не ведаў нічога ні пра свой статус, ні пра лёс канфіскаванага кампутара.

Міліцыя актывізавалася, як лічыў сам актывіст, пасля скаргі ў пракуратуру з патрабаваннем растлумачыць, на якім этапе знаходзіцца праверка ў дачыненні да яго, а таксама публікацыямі ў СМІ. Падчас допыту 3 жніўня ён высвятліў, што праверку ў дачыненні да яго прыпынялі, а потым аднавілі.

Свой пераслед член аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» звязвае з грамадскай дзейнасцю і ўдзелам у пратэстных акцыях восенню 2016 і вясной 2017 гадоў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў