Магілёўцы змагаюцца за зручныя маршруткі


СОЦЫУМ / Tuesday, March 6th, 2018

Прадстаўнікі АГП збіраюць подпісы і сустрэліся з начальнікам транспартнага аддзела аблвыканкама, каб абмеркаваць праблему.

6 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі.Фота Max Sharoykin, vk.com/foto.mogilev


З 1 сакавіка ў Рэспубліцы Беларусь змяніліся правілы перавозак пасажыраў прыватнымі перавозчыкамі. Зараз усе міжгароднія маршрутчыкі павінны ажыццяўляць сваю дзейнасць праз дзяржаўныя аўтавакзалы. Гэта будзе нязручна для пасажыраў, пачынаючы ад неабходнасці пасадкі на вакзале і заканчваючы ростам коштаў.

Першым у горадзе на праблему зрэагавалі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 4 сакавіка яны пачалі збор подпісаў, каб у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» ўнеслі папраўкі, якія не будуць перашкаджаць дзейнасці прыватных перавозчыкаў. У першы ж дзень актывісты сабралі паўсотні подпісаў. Акрамя гэтага, партыйцы на чале са старшынёй абласной арганізацыі АГП Уладзімерам Шанцавым 5 сакавіка абмеркавалі праблему з начальнікам транспартнага аддзела аблвыканкама:

Кожны абараняў сваю пазіцыю. Начальнік нам шчыра заявіў, што для яго галоўнае – гэта абараніць інтарэсы абласнога аўтапарка. Аднак чаму гэта павінна адбывацца за кошт пасажыраў? Я магу даехаць да Мінска за дзве з паловай гадзіны, а мне кажуць, што я павінен ехаць за тры, – распавёў Шанцаў.

Паводле ягоных словаў, начальнік аддзела заявіў, што галоўная мэта – гэта паставіць усіх перавозчыкаў у роўныя ўмовы. Пры гэтым ён абвінаваціў палітыка ў тым, што той думае толькі пра сябе і пры гэтым не азнаёмлены са зменамі ў новым законе.

– А пра каго я яшчэ павінен думаць? Я спажывец, і я шмат чаго губляю ў сітуацыі, якая склалася. Законы ў нас таксама прымаюцца зусім не для паляпшэння жыцця. Я яму распавёў, што глядзеў ток-шоў на РТР-Беларусь, дзе чыноўнікі – людзі, якім падаюць машыны да пад’езда – вучылі простых людзей, як правільна карыстацца маршруткамі. Гэта ж абсурд.

­Сустрэча скончылася тым, што ўдзельнікі сустрэчы дамовіліся аб неабходнасці больш цеснага кантакту пры абмеркаванні падобных законаў да іх прыняцця.Таксама АГП мае намер і далей збіраць подпісы магілёўцаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *