Магілёўскім прадпрымальнікам перашкаджаюць правесці свой форум

З’езд рэгіянальных бізнесменаў павінен адбыцца ў канцы траўня, аднак арганізатары да гэтага часу не могуць знайсці памяшканне.

17 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Лідар прадпрымальніцкага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка анансаваў форум яшчэ напачатку сакавіка. Аднак да гэтага часу ў прадпрымальнікаў няма зарэзерваванага месца. Як сцвярджае Шумчанка, правесці форум мяшаюць мясцовыя ўлады:

– Гатэль “Магілёў” адмовіў у памяшканні для правядзення форуму прадпрымальнікаў па рашэнню ўлад горада Магілёва. Нас вадзілі за нос амаль месяц. Спачатку нам сказалі “ТАК”, потым узялі паўзу і сказалі, што прыязджае Мядзведзеў з Расіі, а значыць не могуць даць залу, потым кармілі “заўтракамі”. А сёння высветлілася, што нібыта горад праводзіць нейкія “інвестыцыйныя мерапрыемствы” і таму «Перспектыве» адмаўляюць! Цікава, што некалькі дзён таму на мой тэлефон тэлефанавала дзяўчына з гэтай жа гасцініцы, казала, што даты нашы вольныя, аднак пасля ўмяшання адміністратара ўсё было аспрэчана, маўляў, дзяўчына новая і не ведае, што кажа. Форум правядзем у любым выпадку.

Дарэчы, у Гомелі нам таксама гасцініцы адмовілі ў правядзенні форума на падставе мясцовых уладаў! Таму там знойдзена прыватнае памяшканне. Падобныя выхадкі мясцовых царкоў і службістаў – яркае сведчанне «дэмакратычнай дзяржавы», у якой нельга нават правесці канферэнцыю, мэтай якой значыцца дыялог з уладай, – напісаў Шумчанка ў сваім FB. У дадзены момант Шумчанка спрабуе вырашыць пытанне з памяшканнем праз іншую магілёўскую гасцініцу – «Турыст»:

– Прама зараз патэлефанаваў у гасцініцу «Турыст» горада Магілёва. Спытаў на 30 траўня 2016 года канферэнц-залу. Дзяўчына адказала, што ў гэты дзень усе залы вольныя. Забраніраваў. Заўтра еду ў Магілёў адмыслова і вязу гарантыйны ліст. Аб усіх далейшых дзеяннях буду паведамляць дадаткова. Вельмі спадзяюся, што ў кагосьці хопіць розуму не ставіць палкі ў колы. Наша возьме!

На форуме, як мяркуецца, Шумчанка і яго калегі абмяркуюць, як трэба весці дыялог з уладамі.

Нагадаем, што ўзімку па краіне пракацілася хваля мітынгаў прадпрымальнікаў супраць указа прэзідэнта №222, накіраванага на абавязковую сертыфікацыю тавару. Нягледзячы на выступы супраць, указ не адмянілі і ўжо ў сакавіку большасць прадпрымальнікаў вярнуліся да гандлю, у тым ліку і ў Магілёве.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў