І гэтым людзям стаіць помнік каля КДБ?

14 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько


Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!

Дзякуючы абноўленым базам дадзеных маскоўскага «Мемарыяла» mspring.online выявіў імёны і прозвішчы кадравых супрацоўнікаў магілёўскага аддзела НКУС перыяду масавых рэпрэсій 1935-1939 гадоў. База ўтрымлівае імёны і біяграфіі больш за 41 тысячу супрацоўнікаў НКУС СССР, сабраныя пры аналізе ўзнагародных загадаў гэтага перыяду. Нам атрымалася вылавіць з іх 27 чалавек, датычных да масавых расстрэлаў на Магілёўшчыне. Сёння публікуем першую частку дадзеных.

ЯК ПАЧЫНАЎСЯ БЯЗЛІТАСНЫ ТЭРОР НАРОДА

Пасля ўдалага ўзброенага перавароту ў кастрычніку 1917 года бальшавікі абвясцілі пра перамогу Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі. У тым жа годзе была створана Ўсерасійская надзвычайная камісія па змаганні з контррэвалюцыяй і сабатажам (УНК) РСФСР, што стала пачаткам савецкіх органаў дзяржбяспекі.

У Магілёве ўвесну 1918 года з-за пагрозы акупацыі горада нямецкімі войскамі губернскі выканкам пераехаў у Мсціслаў, дзе на паседжанні 24 траўня прыняў пастанову пра стварэнне Магілёўскай губернскай надзвычайнай камісіі. Магілёўскай НК падначальваліся Аршанская, Рагачоўская, Быхаўская, Чэрыкаўская, Мсціслаўская, Гарэцкая, Шклоўская і Жлобінская павятовыя надзвычайныя камісіі. Іх заданнямі ў той час былі выяўленне і спыненне падрыўной дзейнасці контррэвалюцыйных арганізацый і груп, барацьба з антысавецкімі мяцяжамі і паўстаннямі.

Рэпрэсіі ў СССР пачаліся з моманту яго ўтварэння і фактычна ўжо ніколі не сканчаліся. Што да тэрыторыі Беларусі, то ў 1929-33 гадах быў спачатку знішчаны традыцыйны ўклад мясцовага насельніцтва – аднаасобныя сялянскія гаспадаркі. У перыяд 1933-36 г.г. знішчана беларуская нацыянальна-дэмакратычная інтэлігенцыя. Прыкладна год быў некаторы зацішак, пасля чаго пачалося тое, што названа гісторыкамі “Вялікім тэрорам”.

Пік масавых забойстваў, што здзяйсняліся сталінскімі катамі па ўсёй краіне, прыйшоўся на 16 месяцаў – з ліпеня 1937 года па лістапад 1938-га. Гэта трэба ўлічваць, калі вы будзеце чытаць урыўкі з біяграфій тых, хто, імаверна, асабіста забіваў нявінных людзей. Амаль усе яны да 1939 года былі або парасстрэльваны, або выкінуты з органаў.

ХТО КІРАВАЎ ЗАБОЙСТВАМІ Ў МАГІЛЁВЕ

Дагэтуль мясцовымі спецслужбамі была адкрыта толькі інфармацыя пра Ягадкіна Васіля Міхайлавіча. УНКУС па Магілёўскай вобласці было ўтворана 17 красавіка 1938 года загадам НКУС № 00232. Першым яго кіраўніком і стаў Ягадкін. Па нацыянальнасці ён быў рускі, нарадзіўся ў вёсцы Бяскуднікава Тульскага павета ў сям’і селяніна-жабрака. Адукацыя – 3 класы сельскай школы, з 13 гадоў працаваў печніком па найманню, чорнарабочым, памочнікам качагара на Тульскім заводзе. У 1916 годзе яго прызвалі ў тады яшчэ царскае войска радавым 11-га Драгунскага Рыжскага кавалерыйскага палка.

Пасля рэвалюцыі ён стаў інструктарам «всеобуча» ваенкамата Тульскага павета і ў 1919 годзе ўступіў у партыю бальшавікоў, пасля чаго адправіўся служыць у міліцыю горада Тулы. Яшчэ праз два гады ён у якасці камандзіра ўзвода 2-га Коннага войска браў удзел у задушэнні Кранштацкага мяцяжу. Менавіта ў 1921 годзе ён стаў працаваць у органах КНК-АДПУ-НКУС.

У Беларусь ён трапіў толькі ў 1932 годзе і спачатку надглядаў Гомель. Быў нават дэпутатам Вярхоўнай Рады БССР 1-га склікання. У 1936 годзе загадам наркама НКУС СССР яму было прысвоена званне старшага лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі. А ў снежні 1937 года ён стаў ужо начальнікам Магілёўскага РА (раённага аддзела) УКДБ НКУС БССР. Вядома гісторыя, як пры яго кіраўніцтве расстралялі пяцярых магілёўскіх святароў.

Как в Могилеве вершили суд в 1938 году

Неўзабаве Магілёўскі РА УКДБ НКУС быў рэарганізаваны ва ў УНКУС Магілёўскай вобласці. Ягадкін стаў яго начальнікам і праслужыў на гэтай высокай пасадзе да 13 сакавіка 1939 года. Прычынай яго звальнення стаў артыкул 38 п.«б» Становішча пра службу ў ГУДБ, што азначала «у звязку з арыштам». За месяц Ягадкін быў асуджаны і прысуджаны да расстрэлу Вайсковым трыбуналам войскаў НКУС Беларускай акругі. У ліпені 1939 года ён быў пакараны смерцю. Характэрна, што за год да пакарання смерцю ён быў узнагароджаны знакам «Ганаровы працаўнік УНК-АДПУ (XV)».

Новым кіраўніком УНКУС Магілёўскай вобласці стаў Піліпенка Якаў Іванавіч.

Якаў Піліпенка стаў начальнікам УНКУС Магілёўскай вобласці 21 студзеня 1939 года і на гэтай пасадзе сустрэў Другую сусветную вайну. Праз месяц на гэтым пасту ён атрымаў званне капітана дзяржбяспекі. Па нацыянальнасці ўкраінец, нарадзіўся ў 1903 годзе ў сяле Блістава ў Чарнігаўскай вобласці ў сям’і селяніна-жабрака. Скончыў 7 класаў вечаровай школы для дарослых, пазней Найвышэйшую сельгасшколу ў Харкаве. Нейкі час працаваў у сялянскай гаспадарцы бацькоў, але потым трапіў служыць у канвойны батальён у Баку.

Характэрна, што ў жніўні 1941 года ён трапіў у нямецкае палон, быў вывезены ў Германію, дзе знаходзіўся да красавіка 1945 года, пакуль яго не вызвалілі амерыканцы. Потым цягам года праходзіў праверку ў маскоўскім праверкава-фільтрацыйным лагеры №177. У 1946 годзе быў звольнены ў запас і ўладкаваўся намстаршыні Дрыбінскага райвыканкама па калгасным і сельскім будаванні. У 1947 годзе цяжка захварэў і знаходзіўся на ўтрыманні бацькоў ва Украіне, нейкі час ён працаваў экспедытарам і майстрам на падольскіх заводах. Апошняе згадванне пра яго датавана 1954 годам. Інфармацыі пра смерць няма.

Ужо не з «Мемарыяла» нам вядома таксама імя старшага лейтэнанта дзяржбяспекі Чарнышова Паўла Сяргеевіча. Некаторыя даследчыкі завуць яго начальнікам Магілёўскай аблуправы НКДБ. Рэч у тым, што ў лютым 1941 года НКУС быў падзелены на два наркаматы – НКУС і НКДБ. Таму да пачатку вайны ў Магілёве было два абласныя ўпраўленні – НКУС і НКДБ. Такім чынам, Піліпенка і Чарнышоў былі начальнікамі адначасова. Павел Чарнышоў таксама браў удзел у абароне Магілёва і трапіў у нямецкае палон, адкуль бег. Пазней знаходзіўся ў рэзерве, напэўна, праходзячы спецправерку. Да 1943 года ён ужо стаў начальнікам культурна-выхаваўчай часткі Сібірскага папраўча-працоўнага лагера НКУС. Даслужыўся да звання падпалкоўніка. Адразу пасля сканчэння вайны ён быў звольнены з фармулёўкай «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Яму было забаронена жыць у Маскве і Маскоўскай вобласці.

ЧЭКІСТ З НЯМЕЦКАГА ПАЛОНА

Хоць у СССР лічылася, што чэкісты не здаюцца, здаралася гэта давольна часта, як і з наступным нашым героем.

Калугін Мікалай Іванавіч, нарадзіўся ў 1894 годзе ў Бранскай вобласці ў сям’і сельскага каваля. Па нацыянальнасці ён быў рускі . У 1918 годзе пайшоў самаахвотнікам на фронт, праз год уступіў у УКП(б), змагаўся з белагвардзейскім рухам. Праз чатыры гады прысвяціў свой лёс службе ў органах УНК-АДПУ-НКУС.

У 1936-ым Калугін атрымаў званне капітана загадам наркама НКУС, як службовец цэнтральнай школы ГУДБ НКУС СССР у Маскве. Некаторы час ён працаваў у аддзеле кадраў і да 1938 года заняў прэстыжны пост намесніка начальніка цэнтральнай школы. Яшчэ праз год ён робіцца памагатым начальніка Найвышэйшай школы НКУС СССР.

А 3 верасня 1940 года ён атрымаў званне маёра і раптам стаў начальнікам Магілёўскай міжкраявой школы НКУС, якая была створана ў 1939 годзе, і кіраваў ёю аж да Другой сусветнай вайны. Калугін быў адным з кіраўнікоў абароны Магілёва ў 1941 годзе. Нароўні з маёрам дзяржаўнай бяспекі П.Чыстовым Калугін быў самым высокапастаўленым чэкістам, які патрапіў у нямецкае палон. Пасля вайны быў рэпрэсаваны. Па некаторых звестках быў рэабілітаваны і працягнуў службу ў КДБ са зніжэннем у званні. Выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка.

Каб скончыць тэму начальнікаў УНКУС Магілёўскай вобласці, трэба нагадаць, што падчас вайны – з кастрычніка 1943 года па красавік 1945-га, гэту пасаду займаў Грыдасаў Мікалай Сяргеевіч. На той момант яму было ўсяго 33 гады, а даслужыўся ён да звання падпалкоўніка ГБ. Ніякай іншай інфармацыі пра яго знайсці не атрымалася.

Змяніў Грыдасава на гэтым пасту ў жніўні 1945 года Пятроў Аляксандр Сцяпанавіч. Ніякіх дадзеных пра яго няма. З указа прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР ад 21 красавіка 1945 года вядома, што ў званні палкоўніка ён быў прызначаны начальнікам УНКУС Магілёўскай вобласці і знаходзіўся на гэтым пасту да смерці Сталіна ў 1953 годзе. Цікавым уяўляецца кароткі прамежак з красавіка па жнівень 1945 года – відаць, у гэты перыяд лёс усміхнуўся Стэльмаху Івану Макаравічу, характэрнай асобе, гаворка пра якую пойдзе крыху ніжэй.

ЛЮДЗІ СМЯРОТНАЙ ПРАФЕСІІ?

Дзякуючы маскоўскім праваабаронцам у адкрыты доступ выкладзена частка кадравага складу органаў Дзяржаўнай бяспекі СССР за перыяд 1935-1939 гадоў. Даследчыкі даведаліся іх прозвішчы ў загадах наркамата, што захаваліся ў маскоўскіх архівах. Вось малая частка тых, хто мог мець дачыненне да рэпрэсій.

АЛЕНА БАЙКОВА

Байкова Алена ў траўні 1938 года стала малодшым лейтэнантам дзяржаўнай бяспецы і да красавіка 1939 года была інспектарам групы 1 СА (сакрэтнае аддзяленне) УНКУС Магілёўскай вобласці. Не ясна, чым яна займалася і што стаіць за гэтымі назвамі, але 9 красавіка 1939 года яе выгналі са здыманнем з уліку з фармулёўкай «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Аднак у лютым 1940 года загадам наркама папярэдняе рашэнне было скасавана. Ніякай інфармацыі ні пра дзень і месца нараджэння, ні пра смерць няма.

Х. ГОЛАД

Голад Х.І. у званні малодшага лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі служыў начальнікам 3-га аддзялення ТА (транспартавае аддзяленне – змаганне са шпіянажам, дыверсіямі, шкодніцтвам і варожымі элементамі на ўсіх тыпах транспарта) УНКУС Магілёўскай вобласці ажно па снежань 1940 года. Быў звольнены c выключэннем з уліку «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Ніякіх іншых дадзеных пра яго няма.

МІХАЛ МІНЕВІЧ

Міхал Міневіч з сакавіка 1936 года быў у званні сяржанта дзяржаўнай бяспекі. Часова выконваў абавязкі следчага ў СЧ УНКУС Магілёўскай вобласці. У траўні 1939 года быў звольнены ў запас з фармулёўкай «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Іншых дадзеных няма.

ІВАН ПІМЕНАЎ

Піменаў Іван у сакавіку 1936 года атрымаў званне сяржанта дзяржаўнай бяспекі. Да чэрвеня 1939 года часова выконваў абавязкі начальніка 2-га аддзялення УНКУС Магілёўскай вобласці. А 5 чэрвеня быў звольнены зусім c выключэннем з уліку «за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ». Ніякай іншай інфармацыі пра яго няма.

МІКАЛАЙ ФРАНЦКЕВІЧ

Францкевіч Мікалай Міхайлавіч, мабыць, самая рэальная баявая адзінка НКУС з вядомых. У лютым 1938 года ён атрымаў пагоны сяржанта дзяржаўнай бяспецы і стаў старэйшым следчым УНКУС Магілёўскай вобласці. Гэта быў час самых жорсткіх рэпрэсій. Праз адзін год і чатыры месяцы ён ужо быў звольнены з выключэннем з уліку (нават не ў запас) па пункце «у» артыкула 38 – у сувязі з немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ. Ніякіх іншых дадзеных гэты чалавек пра сябе не пакінуў.

ТРАФІМ СЯМЁНАЎ

Сямёнаў Трафім Сямёнавіч да чэрвеня 1939 года быў маёрам дзяржбяспекі, але з-за не высветленых прычын быў разжалаваны да капітана і адпраўлены працаваць начальнікам Свярдлоўскай міжкраёвай школы ГУДБ НКУС. У Магілёве ён з’явіўся ў ліпені 1949 года і быў прызначаны намначальніка Кіравання спецаб’ектамі (КСА) УНКУС Магілёўскай вобл. і Магілёўскай межкрайшколы ГУДБ НКУС. Па нацыянальнасці быў рускі, нарадзіўся ў 1891 годзе ў сяле Драздова пад Ленінградам. Інфармацыі пра смерць няма. Вядома толькі, што пасля вайны ён даслужыўся да звання палкоўніка і працаваў ва ў УНКДБ Новасібірскай вобласці.

ІВАН СТЭЛЬМАХ

Стэльмах Іван Макаравіч – дзіўнага лёсу чалавек. Па нацыянальнасці ён быў беларусам. Нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Лазовае Бабруйскага павета ў сям’і беднага селяніна. Пачаў працоўны шлях звычайным калгаснікам, але трапіўшы ў сістэму НКУС, зрабіў каркаломную кар’еру. У сакавіку 1939 года атрымаў званне сяржанта дзяржбяспекі, а па стане на красавік 1945 года ён ужо ў званні падпалкоўніка дзяржбяспекі стаў начальнікам УНКДБ Магілёўскай вобласці. Гэта ў 33 гады! Але, праўда, на вельмі кароткі тэрмін – з красавіка па жнівень. Экстэрнам скончыў Магілёўскі педінстытут у 1949 годзе (гэта было зрабіць лёгка, улічваючы яго сацыяльнае становішча). Быў намеснікам міністра дзяржаўнай бяспекі БССР у 1951-1953 гадах і начальнікам аддзела кадраў. Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе пайшоў у міліцыянеры – стаў начальнікам упраўлення МУС па Гомельскай вобласці. Але ў 1959 годзе ён быў звольнены з прычыны службовай неадпаведнасці. Іван Стэльмах ціха памёр у Мінску ў 1990 годзе.

ВАСІЛЬ ЧАРНЫХ

Чарных Васіль Іванавіч у сакавіку 1936 года стаў лейтэнантам дзяржбяспекі. Вядома, што па стане на снежань 1948 года ён ужо быў начальнікам аддзела аховы МДБ станцыі Магілёў Беларускай чыгункі. Ніякай іншай інфармацыі пра яго няма.

ВІКТАР ЮРКОЎ

Юркоў Віктар Пятровіч у сакавіку 1936 года стаў сяржантам дзяржбяспекі. Пачаў “працоўны” шлях памагатым оперупаўнаважанага Рагачоўскага РА УДБ НКУС. У 1938 – ён ужо начальнік Петрыкаўскага РА УДБ, але там не затрымаўся і ўладкаваўся ў Магілёў оперупаўнаважаным эканамічнага аддзела УНКУС Магілёўскай вобласці. Змагаўся супраць шкодніцтва ў народнай гаспадарцы, валютчыкаў і спекулянтаў.

Прапрацаваў на месцы толькі да чэрвеня 1939 гады і быў звольнены зусім з выключэннем з уліку за немагчымасцю далейшага выкарыстання ў ГУДБ. Ніякай іншай інфармацыі пра яго няма.

ВІНАВАТЫЯ ЎСЕ?

Магчыма, кожны з названых чалавек мае дачыненне да смерці людзей і спусташэння беларускай нацыі. Верагодна, што ад некага з гэтых супрацоўнікаў больш за 70 гадоў таму пацярпелі нават вашы сваякі.

Гэта толькі першая частка дадзеных, якая ёсць у дырэктыве рэдакцыі mspring.online. У наступны раз мы апублікуем імёны і прозвішчы супрацоўнікаў НКУС, якія могуць быць датычныя да рэпрэсій у Бабруйску і раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці.

Цалкам з базай дадзеных нашых калегаў-праваабаронцаў з «Мемарыяла» можна азнаёміцца на адмысловым сэрвісе.