ФОТАФАКТ: магілёўскія ЛГБТК хацелі бачыць першым прэзідэнтам Лукашэнку


НЕЗВЫЧАЙНАЕ / Thursday, July 12th, 2018

Альбо Пазняка.

12 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


«Лепш быць дыктатарам, чым «блакітным», – гэтая фраза Аляксандра Лукашэнкі стала крылатай. Прэзідэнт Беларусі часцей за іншых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржавы дазваляе сабе выказванні на тэму ЛГБТК, прычым усе яны нясуць негатыўны сэнс. З яго маўклівай згоды на гэтую тэму разрываецца МУС і асабіста міністр Ігар Шуневіч.

Магчыма, Аляксандр Рыгоравіч проста не ведаў, што перад самымі першымі выбарамі ў 1994 годзе магілёўскія ЛГБТК выказалі падтрымку менавіта яму і яшчэ аднаму кандыдату – Зянону Пазняку.

«Мы лічым, што першым прэзідэнтам павінен быць чалавек, які мае новы, свежы погляд на праблемы сэксу», – такія ўлёткі атрымалі ў свае паштовыя скрыні магілёўцы напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў ад «партыі сэксуальных меншасцяў».

На іх думку, толькі Аляксандр Лукашэнка і Зянон Пазняк маглі «даць сапраўдную свабоду кахання Беларусі».

Цяпер гэта здаецца фэйкам, але ўсё сур’ёзна – пра гэта пісала галоўная мясцовая газета таго часу «Магілёўская праўда», чые стандарты журналістыкі далі б фору цяперашнім СМІ.

Зрэшты, магчыма, што ўлёткі ЛГБТК у падтрымку Лукашэнкі і Пазьняка былі толькі прыёмам іх праціўнікаў. Напачатку 90-х людзі на любых узроўнях ўспрымалі ЛГБТК вельмі негатыўна з-за стэрэатыпаў, якія культываваліся ў Савецкім саюзе.

Акрамя народнага дэпутата Аляксандра Лукашэнкі і лідэра БНФ Зянона Пазняка, у выбарах 1994 году прымалі ўдзел старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч, былы старшыня Вярхоўнага Савета (аналаг цяперашняга парламента – заўв. аўт) Станіслаў Шушкевіч, старшыня Саюза аграрнікаў Аляксандр Дубко і камуніст Васіль Новікаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *