Лесбіянка і гей чытаюць артыкулы «Вячэрняга Магілёва» і дзеляцца ўражаннямі

Папрасілі знаёмых прадстаўнікоў ЛГБТК з Магілёва прачытаць артыкулы самага гамафобнага выдання горада і пракаментаваць іх.

20 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Карына вучыцца на апошнім курсе гарадскога ВНУ. Сама нарадзілася і вырасла ў адным з раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці. Бачыць сябе педагогам. Сваю арыентацыю старанна хавае. Да нашай просьбы ніколі не чытала «Вячэрні Магілёў». Была вельмі здзіўленая.

Вова – працуе ў адной з устаноў культуры Магілёва. Нарадзіўся і правёў усё дзяцінства, юнацтва і студэнцкія гады ў абласным цэнтры. Пра тое, што ён гей, ведае сям’я, некалькі сяброў і некаторыя калегі па працы. Зараз – у адносінах. Лічыць «Вячэрні Магілёў» памылкай у сістэме СМІ горада і краіны.

«Вячэрні Магілёў» – абласная газета з аднайменнага горада. Праславілася дзякуючы сваёй жорсткай кансерватыўнай пазіцыі ў адносінах да ЛГБТК і гендэрнай роўнасці, а таксама падтрымцы ідэі праваслаўнага “рускага свету”. Паводле даследаванняў ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”, “Вячэрні Магілёў” быў прызнаны газетай з адной з самых жорсткіх моў варожасці ў Беларусі.

Цытата: «…Гендэрная роўнасць»   – гэта ператварэнне жанчын у бясполыя вытворчыя машыны, калі не лічацца з фізіялагічнымі асаблівасцямі і правам на мацярынства, i насаджэнне гомасэксуалізму…».

Карына: Насаджэнне гомасэксуалізму – бязглуздзіца. Я не ведаю, гэта як прапаганда ўжывання наркотыкаў. Калі ты катэгарычна супраць і цябе гэта ідэя не прыцягвае, то ніхто не прымусіць цябе пацягнуцца за іголкай. Ніхто не можа прымусіць чалавека што-небудзь рабіць, калі яму толькі не прыставілі ствол да галавы і не пагражаюць фізічнай расправай. Гэтак жа і паняцце «насаджэнне гомасэксуалізму». Чалавек – істота добраахвотная. Захоча – зробіць. Упэўнена, не было яшчэ ніводнага «натуральнага натурала», які б прамяняў сваю жонку-прыгажуню на мужчынскі член толькі таму, што кожны дзень у інтэрнэце прыходзіў спам, як крута спаць з мужыкамі. 
Што датычна усведамлення сваёй сэксуальнай арыентацыі, я не магу адказаць за ўсіх людзей. Наогул не люблю гэтае словазлучэнне. Як сказаў аднойчы Станіслаўскі – «Любіць – гэта хацець дакранацца». Дык вось, калі абыходзіць тэму «чыста перапіхнуцца», то менавіта з-за жадання дакранацца людзі і выбіраюць іншых. Мне здаецца, цалкам нармальна, што дзяўчына можа выбраць дзяўчыну.

Вова: Па-першае, гэта дакладна не артыкул “Вячэрняга Магілёва”. Я яго бачыў досыць даўно яшчэ на адным з беларускіх хрысціянскіх парталаў, прычым апазіцыйных. Мабыць, яго тупа перадрукавалі. Па-другое, што датычна “насаджэння гомасэксуалізму”, то гэта смешна. Па гэтай логіцы мае бацькі павінны былі кожны дзень палкамі мяне біць, каб прышчапіць мне каханне да людзей майго полу. Натуральна, гэта трызненне, якое нават няма сэнсу каментаваць.

Цытата: «…Для многіх праваслаўных вернікаў і проста свядомых грамадзян нашай краіны даўно не з’яўляецца сакрэтам, што пад выглядам гендэрнай палітыкі ва ўсім свеце насаджаюцца аднаполыя шлюбы і магчымасць ўсынаўлення дзяцей асобамі з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. У нас аднаполы шлюб у ЗАГСе не зарэгіструеш. Аднак геі і лесбіянкі айчыннага разліву змаглі пераадолець і гэты бар’ер за кошт хірургічных аперацый па змене полу, якія праводзяцца ў Беларусі з пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя. Чалавек з жанчыны ператвараецца ў мужчыну, застаючыся фізіялагічна жанчынай, мяняе пашпарт, жэніцца, і такая однополая сям’я мае легальную   магчымасць ўсынавіць любога дзіцяці. Прэцэдэнты ў Беларусі, на жаль, ужо ёсць…».

Карына: Пакуль з такім у Беларусі не сутыкалася. Але, думаю, цалкам магчыма, калі змяніць пашпарт і з дапамогай аперацыі змяніць пол. Сама я катэгарычна супраць змены полу і усынаўлення дзяцей у такіх сем’ях. Ні ў якім разе не таму, што гэта нібыта «непаўнавартаснай» сям’я, не. Проста  нашае любімае грамадства гатовае зжэрці любыя падобныя пары. Такую сям’ю проста не прымуць. Што ўжо казаць пра дзіця з гэтай сям’і, якое з самага нараджэння чакае хваля асуджэння, насмешак, здзекаў. Што датычна проста ЛГБТ-адносін, то мой любімы выраз у гэтым плане -«шчасце любіць цішыню». Пабудаваць адносіны можна, калі не паказваць усім свае жаданні і перавагі. Тычыцца гэта не толькі ЛГБТ. Чым цішэй жывеш – тым меньш пытанняў і каментароў и больш спакою.

Вова: Мяне дзівіць, наколькі газета перакручвае нейкія факты, дадаючы мноства сваіх фантазій і дэманструючы поўнае сваё няведанне і нежаданне нават разбірацца ў тэме. Яны блытаюць геяў і лесбіянак з трансгендэрамi, усе мяшаюць у адну кучу, дадаюць хрысціянства і пафас, а на выхадзе атрымліваецца нейкае пекла. Сама назва артыкулу – «Еўрапейскія каштоўнасці на беларускай зямлі» – ужо смешна. Еўрапейскія каштоўнасці – гэта правы чалавека, гэта дэмакратыя, гэта свабода слова. Усяго гэтага, нажаль, на беларускай зямлі няма. Затое ёсць такія газеты. Не сумняюся, што некаторыя журналісты «Вячэрняга Магілёва» ходзяць у тэатры, слухаюць Чайкоўскага і Элтана Джона, глядзяць «Уладара Кольцаў» і мноства іншых фільмаў і нават не падазраюць, што ў іх стварэнні прымалі ўдзел людзі з іншай сэксуальнасцю. Гэта крывадушнасць.

Цытата: «…У лістападзе 2014 года ЮНІСЕФ (Дзіцячы фонд ААН) апублікаваў дакумент з выкладаннем сваёй пазіцыі, азагалоўлены “Выкараненне дыскрымінацыі дзяцей і бацькоў па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і / або гендэрнай ідэнтычнасці”…. Для ўсіх зацікаўленых органаў у рамках праграмы «дэмаграфічная бяспека» ўносім свае прапановы:  

– Перашкаджаць насаджэнню чужароднай субкультуры – сэкс-, наркакультуры, культуры спажывання, міфалагізацыі свядомасці, моладзевай моды і т.п … ».

Карына: Ах-ха-ха-ха, зноў насаджэнне чужароднай субкультуры. Смешна. Быццам людзі з негетэрасексуальнай орыентацыяй жывуць у закінутых месцах, сілкуюцца выключна чычавiцай, а ўвечары на падлозе малююць крэйдай страпон і пакланяюцца свайму богу ЛГБТ. Трызненне. Жахліва раздражняе стэрэатып аб “ненармальнасці” ЛГБТ. Божа, людзі, ну падабаецца жанчынам спаць адна з адной, а некаторым мужыкам – з мужыкамі, ну і чорт з імі. Ад таго, што вы даведаецеся аб гэтым, ні ў каго нічога не адсохне і не залепіцца.

Вова: Я звыкся нармальна ставіцца да такой абсурднай пазіцыі. У першую чаргу, я лічу яе прыкметай невуцтва. Газета дзіўна  напірае на тое, што норма – гэта гетэрасэксуальнасць. А ўсё, што не гетэра, – завезена аднекуль з-за мяжы, як какава-бабы. Між тым, у Магілёве сярод чыноўнікаў абласнога выканаўчага камітэта быў чалавек, пра гомасэксуальнасць якога ведалі дастаткова шмат хто. І нарадзіўся ён у СССР, і жыў доўгі час ён у райцэнтры, перш чым яго перавялі сюды. Нна думку газеты, ён з развалам Саюза «заразіўся»?

Цытата: «…У Брытаніі публічнае асуджэнне гомасэксуалізму крымінальна караецца. Талерантнасць, такім чынам, дастаткова жорсткая ідэалогія, цвёрда наўмысная ўжываць дзяржаўны прымус для прасоўвання сваіх поглядаў, і ў нас ёсць падставы гэтай ідэалогіі супрацьстаяць. А не ганарыцца і вызначаць яе як нацыянальную ідэю…”.

Карына: Лічу так, што людзям з дзяцінства паўтаралі аб каштоўнасцях у жыцці, пра будучыню, пра дзяцей. Бацькі, сябры, знаёмыя, пачынаючы з самага нараджэння, кажуць аб”норме” і “адхіленні”. Мяркуючы па ўсім, у газеце шмат адсылак да праваслаўя, богу. Вось як прыклад – в е аклейте рот бацькам, блізкім, сябрам, аслані тыя дзіця ад размоў пра бога зусім. Ён вырасце атэістам. Прычым сам таго не падазраючы. I ўнутранага пачуцця аб існаванні чагосьці усявышняга ў яго не будзе. Так і тут. 
Не кажы дзецям пра нормы сэксуальнага жыцця (не лічачы тэм педафіла і заафiлii) – і атрымаеш талерантнае грамадства.

Вова: Слухайце, людзі нам прама пішуць, што талерантнасць не патрэбна і мы ўсе павінны супрацьстаяць ёй. Аднак калі журналістаў «Вячэрняга Магілёва» пачаць абражаць па гендэрнай, расавай або іншай прыкмеце, то яны першымі залямантуюць пра талерантнасць. Хаця нават калі не закранаць тэму ЛГБТ, мы ўбачым, наколькі нецярпімы беларусы нават адзін да аднаго. Дастаткова праехаць адзін раз у перапоўненым транспарце або вычакаць чаргу ў паліклініцы. Таму з заклікам супрацьстаяць талерантнасці наш народ, я лічу, спраўляецца выдатна.

 

Цытата: “…грамадства ў нас простае, неспрактыкаванае ў складаных пытаннях гендэрных узаемаадносін, таму наш металіст Сцёпа гэты гордзіеў вузел вырашыў рассячы па-свойску, так бы мовіць, па рабоча-сялянску. Ён падняўся з-за нашага століка, падышоў да манерна стаячага каля стойкі студэнта і без хітрыкаў спытаў: “Ты што, підар?!”. Пасля гэтага пачалася бойка. Пад усеагульныя ўхваляльныя воклічы бародку сталічнаму перцу крыху аскубілі і напрыканцы далі моцнага выспятка ў зад, каб каціўся ён назад у свой гей-клуб за 270 км…”.

Карына: Жудасна. Людзі не зразумеюць, што іншая арыентацыя – гэта не звычка. Калі ад наркаманаў і алкаголікаў праз гадоў 200 можна будзе пазбавіцца, цалкам спыніўшы вытворчасць сродкаў і тавараў, якія вядуць да прывыкання, то забіць у людзях магчымасць адчуваць – немагчыма. У цэлым, я б пачытала яшчэ калі-небудзь падобнае ў газеце толькі з адной мэтай: паглядзець, на колькі дэградуе наша грамадства ў плане талерантнасці і выхаванасці.

Вова: Гэты матэрыял мне аднойчы паказвалі, і я быў тады проста ў шаленстве. Шкада, што ў горадзе ЛГБТ-супольнасць досыць моцна раз’яднана і аддае перавагу быць у цені. Газеце за адно толькі слова на літару “П” варта было б накатаць пазоў. Нажаль, пакуль у тэлевізары і на вуліцы мы бачым калгас, то такі ж калгас мы чытаем і ў прэсе. “Вячэрні Магілёў” я б рэкамендаваў ні ў якім разе не купляць і не выпісваць ўсім людзям, у якіх ёсць павага да чалавечай асобы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў