На трыумфальнай арцы павесілі Ільіча. Навошта?


СОЦЫУМ / Friday, September 14th, 2018

За 750 гадоў сваёй гісторыі Магілёў заслужыў толькі савецкія элементы дэкору?

14 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскую трыўмфальную арку рыхтуюць да здачы – пасля паўтары гадоў будоўлі і і шматлікіх просьбаў уладаў скінуцца на яе.

Ужо не сакрэт, што арка ў гонар 750-годдзя Магілёва будзе здадзена зусім да іншай падзеі – V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Мабыць, таму ніякіх нацыянальных элементаў дэкору на ёй (пакуль, ва ўсякім выпадку) няма.

На гэтым тыдні там ўсталявалі копіі двух ордэнаў. І калі ордэн Вялікай айчыннай вайны яшчэ можна зразумець, то да чаго на магілёўскай арцы ордэн Уладзіміра Ільіча Леніна з ягоным партрэтам – вялікае пытанне.

Праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў вырашыў высветліць, чаму так выйшла. Ён звярнуўся ва ўпраўленне архітэктуры і будаўніцтва, а таксама ва ўпраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама:

Мне стала цікава, хто прымаў рашэнне аб усталяванні на арку ордэна Леніна з яго партрэтам і па якіх крытэрах вызначаліся патрэбныя дэкаратыўныя элементы. Складваецца ўражанне, што горад за 750 гадоў сваёй гісторыі не можа пахваліцца нічым, акрамя савецкага перыяду, – распавёў Буракоў.

Паводле яго слоў, ўпраўленне культуры даслала адказ ужо на наступны дзень. Згодна з пазіцыі чыноўнікаў, «пытанні аб уязной арцы ў горад Магілёў, выкладзеных у электронным звароце грамадзяніна, не ўваходзяць у кампетэнцыю ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама».

Цяпер Буракоў чакае адказ з упраўлення архітэктуры і будаўніцтва. Пры гэтым ён лічыць дзіўным, што чыноўнікі, адказныя за культуру, ніяк не звязаныя з візуальным афармленнем ўезду ў горад.

Акрамя таго, яго бянтэжыць той факт, што ордэнам Леніна сам Магілёў узнагароджаны ніколі не быў: ў 1967 годзе ўзнагароду прысвоілі ўсёй Магілёўскай вобласці.

– Прычым рэдкай гэтую ўзнагароду назваць складана – Азербайджанская, Казахская, Украінская ССР наогул атрымлівалі ордэн Леніна тройчы кожная. І яшчэ куча абласцей, акругаў, заводаў і партыйных лідэраў. Чаму менавіта для беларускага Магілёва яна такая важная – невядома – разводзіць рукамі Буракоў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *