Аляксандр Хамратаў патрабуе прыцягнуць удзельнікаў масавага мерапрыемства да адміністрацыйнай адказнасці.

23 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


У дзень 150-гадовага юбілею нараджэння Уладзіміра Леніна сябры Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), партыі «Справядлівы свет», а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Магілёва правялі мітынг у цэнтры горада перад помнікам Ільічу.

У мерапрыемстве бралі ўдзел каля 15 чалавек, нягледзячы на ​​рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя не праводзіць і не наведваць публічныя мерапрыемствы. У асноўным да помніка “правадыра пралетарыяту” прыйшлі людзі сталага ўзросту.

Магілёўскія камуністы наплявалі на меры бяспекі дзеля Леніна ФОТА

Магілёўскі актывіст Аляксандр Хамратаў адрэагаваў на мітынг заявай у Ленінскі РАУС. На думку актывіста, арганізатары і ўдзельнікі парушылі дзеючае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

– Адкрытая дэманстрацыя сцягоў і расцяжак з указаннем на прыналежнасць да КПБ, пазёрства перад фотакамерамі – гэта нішто іншае, як масавае мерапрыемства, – лічыць Хамратаў. – З прадстаўленых фота бачна, што на мітынгу адсутнічалі “хуткая дапамога”, міліцыя і камунальнікі.

Закон «Аб масавых мерапрыемствах» і аднайменнае рашэнне Магілёўскага гарвыканкама вымушаюць арганізатараў заключаць дамовы аб платных паслугах з вышэйазначанымі службамі. Паколькі на мітынгу яны адсутнічалі, Хамратаў палічыў гэта парушэньнем заканадаўства і папрасіў Ленінскі РАУС зладзіць праверку і пакараць вінаватых.

– Я спадзяюся, што міліцыя не стане сцвярджаць, што прыход са сцягамі і камуністычнай сімволікай групы людзей – гэта не масавае мерапрыемства. Бо тады апазіцыя, якую так не любіць прэзідэнт Лукашэнка і падначаленыя яму міліцыя і КДБ, возьме сабе такія мерапрыемствы як прыклад, – іранічна адзначыў Хамратаў.