Журналіст падлавіў следчага СК на бяздумным капіяванні пастаноў


ПРАВААБАРОНА / Wednesday, August 1st, 2018

Уладзімір Лапцэвіч накіраваў скаргу ў суд.

1 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Уладзімір Лапцэвіч ўжо больш за год спрабуе дамагчыся прыцягнення чыноўніка і міліцыянта да адказнасці за перашкоду журналісцкай дзейнасці.

У красавіку мінулага года яго не пусцілі ў залю паседжанняў адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, дзе адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”.

Члены кааператыва запрасілі Уладзіміра Лапцэвіча як журналіста БелаПАН для асвятлення мерапрыемства, аднак прадстаўнік адміністрацыі Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу і нацкаваў на яго міліцыю.

Журналіст пачаў пісаць скаргі, у тым ліку ў Следчы камітэт. Некалькі разоў яму адмаўлялі, але кожны раз пракуратура станавілася на бок журналіста, патрабуючы расследваць інцыдэнт.

У ліпені гэтага года следчы Лескавец у чарговы раз адмовіў Уладзіміру Лапцэвічу ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да чыноўніка Кісцянёва і супрацоўніка Ленінскага РАУС Калеснікава.

Следчы спаслаўся на тое, што сход ладзіўся на тэрыторыі адміністрацыі, такім чынам Кісцянёў нёс адказнасць за тых, хто там знаходзіўся. Акрамя таго, Лескавец паведаміў Лапцэвічу, што той не паказаў пасведчанне журналіста.

Уладзімір называе гэта хлуснёй:

Калі б следчы ўсебакова даследаваў акалічнасці інцыдэнту, то ён мог бы ўбачыць у матэрыялах справы, што сам Кісцянёў падчас апытання называў мяне «прадстаўніком незалежнага СМІ БелаПАН». Паколькі раней з Кісцянёвым мы не былі знаёмыя і не сустракаліся, то выснову пра тое, што я сапраўды карэспандэнт БелаПАН ён мог зрабіць толькі грунтуючыся на службовым пасведчанні, якое я прад’явіў, – заявіў журналіст.

Акрамя гэтага, ён нагадаў пра арт. 34 Закона «Аб СМІ», дзе гарантуецца права журналіста атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Думка пра тое, што Кісцянёў нібыта нёс адказнасць за прысутных на сходзе, Лапцэвіч адпрэчвае:

Усе, хто прыйшоў на сход, былі паўналетнімі і неслі адказнасць за свае дзеянні самастойна, ніхто з іх не дэлегаваў адказнасць Кісцянёву, – лічыць журналіст.

Лапцэвіч фактычна канстатуе, што следчы не праводзіў ніякай паўторнай праверкі па ягонай справе:

Тэкст пастановы Лескаўца ад 9 ліпеня цалкам слова ў слова паўтарае тэкст пастановы ад 5 красавіка. Прычым следчы нават не знайшоў час змяніць даты. Ён займаецца толькі бяздумным капіяваннем папярэдніх пастаноў, якія пасля адмяняюцца альбо судом, альбо пракуратурай, альбо кіраўніцтвам Магілёўскага міжраённага аддзела СК.

Лапцэвіч звярнуўся ў суд, каб той адмяніў апошнюю пастанову следчага Лескаўца і накіраваў матэрыялы на новую праверку.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *