Нечаканы адказ ад памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці.

26 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёвец Аляксей Паўлоўскі ўжо шмат гадоў змагаецца за заканчэнне будаўніцтва новага корпуса БРУ, якое вядзецца з 1991 года. У канцы снежня ён даведаўся, што 600 млн. недамінаваных рублёў, выдзеленых на кансервацыю аб’екта, так і не дайшлі да канчатковага пункту. Паўлоўскі западозрыў мясцовыя ўлады ў карупцыі. Актывіст накіраваў звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта і Генпракуратуру. І калі пракуроры пераслалі паперу ў Міністэрства адукацыі, то за Адміністрацыю адказаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.

У сваім лісце чыноўнік спаслаўся на ўказ прэзідэнта “Аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2016 год”. Згодна з ім, недабудаваны корпус БРУ ўключылі ў «спіс будоўляў і аб’ектаў, фінансаванне якіх з рэспубліканскага бюджэту было прыпынена і сродкі, прадугледжаныя на кансервацыю аб’екта, былі скарочаныя».

Памочнік прэзідэнта пазначыў, што шукаць сродкі будуць у іншым месцы:

«Магілёўскім аблвыканкамам унесены прапановы ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб уключэнні дадзенага аб’екта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2018 год”.

Паўлоўскі сказаў, што здзівіўся таму, наколькі лёгка Лаўрэнкоў пераклаў адказнасць на Аляксандра Лукашэнку:

– Чыноўнікі спіхнулі усё на прэзідэнта. Тыпу гэта ён вінаваты, што корпус БРУ ўсё ніяк не могуць давесці да розуму. Універсітэт міжнароднага значэння, Беларусь і Расія робяць і больш за 25 гадоў дарабіць не могуць, пракаментаваў адказ чыноўніка Паўлоўскі.

Зараз актывіст чакае, што яму адкажуць з Міністэрства адукацыі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *