У Магілёве распачаўся суд па крымінальнай справе Андрэя Бандарэнкі. Дзень першы

Па выніках працэсу ў Беларусі можа з’явіцца яшчэ адзін палітзняволены.

29 сакавіка. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


29 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна распачаўся крымінальны працэс па справе праваабаронцы, былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі “Платформа Іннавэйшн” Андрэя Бандарэнкі. Яго абвінавачваюць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Суддзёй быў прызначаны Сяргей Мазураў, дзяржабвінаваўцай – Сяргей Мінаў, начальнік аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Ад пачатку Бандарэнка заявіў хадайніцтва аб паўнавартасным азнаямленні з матэрыяламі справы і кансультацыі са сваім абаронцай Вадзімам Мушынскім. Пасля перапынку ён папрасіў даць два дні, каб падрыхтавацца да судовага паседжання. Суддзя Мазураў адмовіў, палічыўшы, што ў Бандарэнкі было дастаткова часу для гэтага.

Андрэй Бандарэнка падчас суда 29 сакавіка

Дзяржабвінаваўца заявіў, што Бандарэнка не стаў на шлях выпраўлення і працягнуў здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні. У крымінальнай справе – тры дысцыплінарных спагнання. Бандарэнка сваю віну не прызнаў.

Праваабаронца распавёў, як на яго ажыццяўляўся ціск падчас знаходжання ў бабрускай і шклоўскай калоніях, у тым ліку – аб шматлікіх спагнаннях за неіснуючыя парушэнні.

– З боку іншых асуджанных і з боку адміністрацый калоніі часта iшлі нейкія правакацыі, з-за чаго я прасіў аб пераводзе ў бяспечнае месца. Мне далі зразумець, што гэтае месца – у турме. Асаблівага выбара ў мяне не было. Калі я трапіў у магілёўскую турму №4, мяне ніхто не азнаёміў з правіламі ўнутранага распарадку. Спачатку я сядзеў у звычайнай камеры, аднак там таксама пачаўся прэсінг з-за таго, што я пісаў шмат лістоў і скаргаў. Мне сказалі «Не ужывемся» і прапанавалі пісаць заяву на перавод у бяспечнае месца. Так я апынуўся ў адзіночцы, – распавёў абвінавачаны.

Дзяржабвінаваўца запытаўся па першым эпізодзе – калі Бандарэнка ляжаў у сваёй камеры на ложку ў недазволены час. Яго цікавіла, ці ведае Бандарэнка распарадак дня, ці сапраўды ён ляжаў і ў які час гэта адбывалася.

Бандарэнка ў адказ заявіў, што тады ў ягонай камеры адсутнічаў  распарадак дня, а без яго абвінавачванні з боку адміністрацыі турмы ён лічыць неабгрунтаванымі.

– Да спагнання ніякіх патрабаванняў і папярэджанняў наконт таго, што я ляжу ў нейкі ня той час, да мяне ніколі не паступала, – заявіў Бандарэнка.

25 траўня Бандарэнка нібыта здзейсніў яшчэ адно парушэнне – размаўляў падчас прагулкі ў турэмным дворыку.

– Падчас прагулкі я пачуў пытанне, з якой я камеры. Я адказаў, бо палічыў, што яго задаў хтосьці з канваіраў. Але 31 траўня мяне выклікаў супрацоўнік турмы Кірыенка і заявіў, што я зноў парушыў распарадак – размаўляў з іншым зняволеным. Я заявіў, што гэта лухта, і патрабаваў, каб я напісаў сваёй рукой ліст апытання, але мне не дазволілі.

Андрэй Бандарэнка распавёў, што ён справабаў абскарджваць спагнанні праз пракуратуру і суд, аднак ніякіх матываваных адказаў не атрымаў. З ягоных словаў, пракуратура Магілёўскай вобласці абмежавалася звычайнай адпіскай, а Генпракуратура перанакіравала зварот ізноў жа на абласны ўзровень. Суды ніякага рашэння па сутнасці таксама не прынялі, бо Бандарэнка з адвакатам Вадзімам Мушынскім, нібыта, прапусцілі тэрміны абскарджвання.

Трэцяе спагнанне, якое фігуруе ў справе, – гэта дрэнна зробленыя канверты і адсутнасць дакладу падчас наведвання супрацоўнікам турмы камеры Бандарэнкі 30 верасня.

У суд выклікалі першую сведку – былую арыштантку магілёўскай турмы №4 Наталлю Міронаву. Гэта нібыта яна запытала ў Бандарэнкі пра нумар ягонай камеры падчас прагулкі. Пры гэтым яна ведала, што размаўляць з іншым зняволеным нельга, але ўсё роўна запыталася. Па яе словах, яна чула, як кантралёр зрабіў заўвагу. Пасля інцыдэнта яе «закрылі» на трое сутак у карцэр.

Мушынскі заявіў аб супярэчлівасці паказанняў Міронавай – па ягонаму меркаванню, яна памылілася ў колькасці чалавек, якія прысутнічалі пры размове, а таксама некаторых іншых момантах:

– Вы сказалі, што даведаліся прозвішча Бандарэнкі, калі канвой зрабіў папярэджанне. Але ў турме вы заявілі, што даведаліся пра прозвішча толькі падчас напісання тлумачальнай запіскі, – заявіў адвакат.

У сваю чаргу Бандарэнка запытаўся, чаму на допыце ў турме Міронава сказала, што яе вёў адзін чалавек, а падчас суда сказала ўжо пра дваіх канваіраў. Жанчына сказала, што ён заблытаў яе і яна ўжо дакладна не памятае. Праваабаронца пачаў задаваць шэраг пытанняў, але суддзя Мазураў зняў амаль усе, матываваўшы гэта тым, што сведка свае паказанні ўжо дала. Пасля абвясцілі перапынак на абед.

Пасля абеду ў суд адзін за адным пайшлі сведкі – кантралёры і супрацоўнікі магілёўскай турмы №4.
У кожнага з іх Андрэй Бандарэнка і Вадзім Мушынскі знаходзілі супярэчнасці ў паказаннях, аднак нічога зрабіць з гэтым не маглі. Практычна кожнае іх пытанне суддзя Мазураў здымаў. Мушынскі хадайнічаў, каб па заканчэнні дачы паказанняў кожны сведка заставаўся на працэсе, аднак суддзя адхіліў хадайніцтва.
Дзяржабвінаваўца заявіў, што ніякіх супярэчнасцяў у паказаннях сведак ён не бачыць, чым выклікаў смех у зале. Потым ён удакладніў, што падчас папярэдняга следства сведкам задаваліся іншыя пытанні. У гэты момант Андрэй Бандарэнка нагадаў, што на вочнай стаўцы з Наталляй Міронавай ішла гаворка пра пяць людзей, якія прысутнічалі падчас размовы на прагулцы, у той час як на судзе рэгулярна ўсплывае большая колькасць чалавек. Пракурор Сяргей Мінаў выслухаў яго моўчкі і ніяк не адрэагаваў. Зняволены заявіў, што можна наогул не заслухоўваць сведак, раз да іх нельга задаваць ніякіх пытанняў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў