Крэсла галоўнага ўрача – дэпутацкае крэсла

Паводле неафіцыйных дадзеных, месца галоўнага лекара магілёўскай паліклінікі №1 зойме дэпутат Палаты прадстаўнікоў V склікання. Раней гэтую пасаду займаў Аляксандр Старавойтаў, які трапіў у парламент VI склікання.

29 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Адразу некалькі незалежных крыніц паведамілі нам пра тое, што Старавойтава зменіць Алена Шамаль.

Апошнія 8 гадоў яна засядала ў беларускім парламенце: у 2008 прайшла ў Палату прадстаўнікоў па Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78, у 2012 – па Бабруйскай-Сельскай №80. Ўваходзіла ў камісію па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі. Да 2008 году з’яўлялася дэпутатам Бабруйскага гарадскога савета дэпутатаў.

Афіцыйнай інфармацыі аб прызначэнні Алены Шамаль галоўным урачом гарадской цэнтральнай паліклінікі №1 пакуль няма, аднак крыніцы mspring.online сцвярджаюць, што пытанне практычна вырашана.

Пры гэтым магілёўскія лекары ўспрымаюць інфармацыю неадназначна: многія спадзяваліся, што месца чалавека, які адказвае за працу ўсіх паліклінік горада, дастанецца камусьці з Магілёва.

Адзначым, што Шамаль скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, клінічную ардынатуру па спецыяльнасці “Тэрапія”, а таксама Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае будаўніцтва».

Як лекар працавала педыятрам у медыка-санітарнай часткі «Бабруйскшыны», была намеснікам галоўнага лекара Бабруйскай цэнтральнай бальніцы.

У выпадку, калі Шамаль сапраўды стане кіраўніком клінікі, адбудзецца своеасаблівая ракіроўка «дэпутата на дэпутата». Нагадаем, Аляксандр Старавойтаў, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў VI склікання.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў