Міліцыя ў пяты раз паспрабуе прыцягнуць магілёўскага чыноўніка да адказнасці

Сітуацыя з Канстанцінам Кісцянёвым як прыклад, наколькі раз’яднана могуць дзейнічаць пракуратура, міліцыя і суд.

28 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Ленінскі РАУС пастановай ад 19 верасня канчаткова спыніў праверку ў дачыненні да супрацоўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва, які ў красавіку не пусціў на сход гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008” журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. Аднак ужо на наступны дзень, 20 верасня, УУС Магілёўскага аблвыканкамаадмяніла пастанову РАУС і загадала раённай міліцыі ізноў пачаць праверку.У пяты раз.

Першапачаткова я звярнуўся ва УУС, каб там далі прававую ацэнку дзеянням ўчастковага Аляксандра Шмаянкова, які спыніў праверку ў дачыненні да Кісцянёва, нават не апытаўшы мяне і сведак і пры гэтым прыпісаўшы мне ў рапарце нейкія словы. Намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Волкаў замест таго, каб ацаніць дзеянні падначаленага, выдаў яшчэ пастанову аб спыненні справы, прычым паўтарыў словы Шмаенкова, што мяне, маўляў, апытвалі і што праверка спыненая законна. Тады я напісаў скаргу ўжо на імя начальніка УУС Аляксандра Кавальчука, – распавёў журналіст.

Пры гэтым 7 верасня журналісту ўдалося адмяніць рашэнне аб спыненні праверкі яшчэ і праз суд, які накіраваў матэрыялы справы на новы разгляд. Менавіта пасля гэтага Уладзіміру Лапцэвіч прыйшоў ліст за подпісам намесніка начальніка Ленінскага РАУС Юрыя Калацілкіна, у якім той сказаў аб канчатковым спыненні праверкі з-за пропуску тэрмінаў адміністрацыйнага спагнання. Прычым сама пастанова карэспандэнт БелаПАН не атрымаў, што зрабіла немагчымым яго абскарджанне.

І тут, да здзіўлення Лапцэвіча, яму прыйшоў адказ з УУС. У лісце за подпісам намесніка начальніка абласнога ўпраўлення міліцыі Уладзіміра Рыжанкова пазначана, што Сяргей Волкаў памыліўся, калі вынес пастанову аб спыненні праверкі ў дачыненні да Кісцянёва, паколькі суд позна накіраваў копію рашэння пра пачатак новай праверкі.

28 ліпеня суд адмяніў пастанову Ленінскага РАУС. А копію гэтага рашэння накіраваў у райаддзел толькі 11 жніўня – як раз у гэты дзень Сяргей Волкаў накіраваў мне пастанову аб спыненні справы. Хоць па заканадаўстве суд павінен быў накіраваць копію рашэння ў тры дні. Прасцей кажучы, Волкаў адказваў мне, магчыма, не ведаючы пра рашэнне суда. І УУС вінаваціць менавіта суд у гэтым у сваім адказе, – распавёў Лапцэвіч.

Таксама ў дакуменце пазначана, што ўчастковы Аляксандр Шмаянкоў ня прыняў усе неабходныя меры, каб разабрацца ў сітуацыі з чыноўнікам Адміністрацыі Ленраёна. Зыходзячы з усяго гэтага, УУС Магілёўскага аблвыканкама прыняло рашэнне накіраваць матэрыялы на новую праверку.

На думкуЛапцэвіча,сітуацыя з Кісцянёвым агаліла раз’яднанасць дзяржорганаў:

– Раённая міліцыя пастаянна спыняла праверку за адсутнасцю складу правапарушэння. Пракуратура, у тым ліку і Генеральная, указвала міліцыі спыніць праверку з прычыны заканчэння тэрміну. Суд некалькі разоў адмяняў усе пастановы і накіроўваў матэрыялы на новую праверку. Таксама, як і паступіў цяпер УУС. У выніку кожны вырашае нешта сваё. Мне здаецца, што звязана гэта з тым, што нейкія органы чамусьці вельмі хочуць выгарадзіць Кісцянёва, а нейкія не хочуць асабліва ўвязвацца ў гэта. У любым выпадку, буду назіраць, што будзе далей, – паведаміў Лапцэвіч.

Бясконцую гісторыю Канстанціна Кісцянёва і Уладзіміра Лапцэвіча можна адсачыць вось тут .

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў