У Магілёў завітала частка Bulbamovie

Пяць стужак-пераможцаў фестываляў Bulbamovie розных гадоў прадставілі кінакрытык і дырэктар фестывалю Максім Жбанкоў, прадзюсер Леанід Каліценя і адміністрацыйны дырэктар фестывалю Наталля Бружнік.

29 верасня. Магілёў. Грамадскі цэнтр “Кола”. Ігар Лазоўскі


Ўбачыць, як здымаюць сваё кіно цяперашнія незалежныя аўтары, прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным маладых.

– Усе, хто тут сабраўся, і ёсць патэнцыйны глядач беларускага кіно, – заявіў Жбанкоў.

Кароткаметражныя стужкі трансляваліся гадзіну, пасля чаго прыйшла пара дыскусіі. Як адзначылі яе ўдзельнікі, беларускае кіно не памерла, але і жывым яго назваць нельга.

Пакуль яно ляжыць на баку і дрыгае ножкай, – пажартаваў кінакрытык і дырэктар фестывалю Bulbamovie – Наша мэта – паказаць беларусам іх ўласнае кіно. Мы вярнуліся. Раней некалькі гадоў фестываль Bulbamovie праводзіўся ў Польшчы, гэта была такая прыватная ініцыятыва. У гэты раз беларускі глядач можа паглядзець беларускае кіно на тэрыторыі Беларусі, бо для гэтага ж і існуюць гэтыя фільмы. Прычым па якасці фестываль, я думаю, павінен атрымацца добрым.

img_2297

Практычна адразу ў аўдыторыі ўзнікла пытанне: а якое кіно лічыць беларускім?

– Я лічу, што беларускім лічыцца тое кіно, якое сугучна нам, нашаму гледачу, якое можна зразумець. Пашпарт, нацыянальнасць рэжысёра – хіба гэта вызначае, беларускае будзе кіно ці не? Або калi яно знята ў Расеі? У Літве? Тое, што блізка нам, тое, што распавядае нам пра тыя ўмовы, пра тую парадыгму, у якой мы зараз жывем – беларускае кіно, я лічу, пра гэта, – сказаў Максім Жбанкоў.

img_2302

Дыскусія разгарэлася практычна на паўтары гадзіны. Галоўнай праблемай айчыннага фільмапрама прызналі адсутнасць якаснай дыстрыбуцыі. Прадзюсар Леанід Каліценя сказаў, што знайсці добрых аператараў, рэжысёра і акцёра для вытворчасці беларускай стужкі можна. Складаней запусціць яе ў кінатэатрах.

img_2318

– Гэта патрабуе сістэмнага падыходу і шмат часу на перамовы. У краіне, дапусцім, сотня кінатэатраў. Каб запусціць фільм у адным з іх, мне трэба выдаткаваць дзесьці гадзіну на перамовы з дырэктарам кінатэатра. Такім чынам, мне трэба толькі 100 гадзін, каб дамовіцца аб магчымасці паказу! А яшчэ рэкламныя выдаткі, прасоўванне – усё гэта вялікі пласт работы, з якім трэба будзе разабрацца ў наступныя некалькі гадоў, – лічыць Каліценя.

Па прызнанні дырэкцыі фестывалю Bulbamovie, каб з’явілася якаснае кіно, трэба, каб яно ўвогуле стала масавым:

– Для таго, каб у нас з’явілася добрае кіно, павінна быць, у першую чаргу, кіно рознае. Хай будзе трэш, арт-хаус, эксперымент. Добрае кіно – хай адсоткаў дваццаць ад агульнай колькасці, гэта «дах», вярхушка. А кожнаму даху трэба стаяць на паверхах, якія складае кіно іншага ўзроўню, – падзяліўся меркаваннем Максім Жбанкоў.

img_2315

Bulbamovie – адзін з выхадаў як для беларускага кіно наогул, так і для андэграундных аўтараў у прыватнасці. Па прызнанні гасцей дыскусіі, для іх галоўнай задачай з’яўляецца звядзенне вытворцаў фільмаў з гледачом. Развіццё ў гэтым кірунку, на думку Наталлі Бружнік, ёсць:

– У гэтым годзе да нас прыйшло 64 заяўкі. У конкурсную праграму ўвойдзе каля 30 стужак. Так што паглядзець будзе што. Будзе тры намінацыі, у кожнай будзе пераможца, а вось другіх-трэціх месцаў не будзе. Усе пераможцы атрымаюць пэўную грашовую ўзнагароду.

VI кінафестываль Bulbamovie пройдзе ў Мінску 21-22 кастрычніка.

img_2333

УКантакце

Facebook

Архіў