“Маю намер разумець грань паміж дабром і злом”

Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў дайшоў да суду ў спробе высветліць, чаму за адно і тое ж некаторыя людзі сядзяць 15 сутак, а дэпутаты не атрымліваюць нават папярэджання.

13 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Праваабаронца спрабуе дамагчыся ад органаў унутраных спраў тлумачэнняў, чаму некаторыя выступоўцы пасля акцыі супраць Дэкрэта №3 15 сакавіка атрымалі суткі і штрафы, а дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які таксама выказваўся ў мегафон, застаўся беспакараным.

Афіцыйныя асобы Ленінскага РАУС двойчы заявілі Хамратову, што ў дзеяннях Марзалюка адсутнічае склад правапарушэння. Намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Рыжанкоў палічыў размову скончанай і абвясціў Хамратаву, што на абласным узроўні яго зварот па сутнасці разглядацца не будзе.

12 красавіка праваабаронца звярнуўся ў суд Ленінскага раёна.

– З мэтай разумення і ацэнкі сітуацыі, а таксама прычын, якiя паслужылi падставай для вызвалення Марзалюка ад адміністрацыйнай адказнасці, я звярнуўся з адпаведным запытам ў кампетэнтныя органы, у чые абавязкі ўваходзіць дача прававой ацэнкі для дадзенага выпадку. У сваім запыце я прасіў растлумачыць, з якой прычыны на дэпутата не складаўся пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адказам з Ленінскага РАУС мне было паведамлена, што ў дзеяннях дэпутата няма складу правапарушэння. Я вырашыў удакладніць абгрунтаванасць такога вываду, бо не хачу парушаць закон і маю намер разумець грань паміж «дабром і злом». У паўторным адказе з РАУС мне паўторна заявілі пра факт адсутнасці складу правапарушэння ў Марзалюка, без усякага абгрунтавання, што парушае маё права на атрыманнеінфармацыі, – лічыць Аляксандр Хамратаў.

Праваабаронца праз суд паспрабуе нагадаць супрацоўнікам РАУС пра сваё права на інфармацыю, у тым ліку аб дзейнасці дзяржорганаў і іншых суб’ектаў улады.

Адказ начальніка Ленінскага РАУС Аляксандра Шчарбакова трэба прызнаць незаконным і неабгрунтаваным, – лічыць Аляксандр Хамратаў.

Ён просіць суд вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас Ленінскага РАУС, а таксама абавязаць іх даць адказ па сутнасці зададзенага пытання.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў