Каб не бянтэжыць суддзяў ўсмешкамі, праваабаронца прапанаваў насіць у судах марлевыя павязкі

Абсурдная гісторыя пра тое, як трэба паводзіць сябе ў судзе, набірае абароты.


Усё пачалося яшчэ 19 лістапада. У ходзе разбору ў судзе Ленінскага раёну праваабаронца Аляксандр Хамратаў неаднаразова прасіў суддзю Юлію Трапыніну растлумачыць яго правы, на што суддзя чатыры разы адказала адмовай. Гэта выклікала ўсмешку ў сябра Хамратава Юрыя Гарбаценкі, які прыйшоў на пасяджэнне, каб падтрымаць праваабаронцу. Такія паводзіны былі расцэненыя суддзёй, як «нетактоўныя».

Калі Аляксандр Хамратаў спытаў, ці забаронена ўсміхацца ў зале суда, яна адказала “вядома“, патлумачыўшы, што для ўсмешак існуюць іншыя мерапрыемствы, і што суд – не цырк.

Маладыя людзі вырашылі высветліць, хто ж мае рацыю і звярнуліся па тлумачэнні да старшыні абласнога суда Ігара Прошкі. Той стаў на бок Трапынінай і заявіў, што яна мела права спыняць нетактоўныя паводзіны, да якіх аднесла і ўсмешку.

У адказ на гэта праваабаронца падаў заяву, у якой папрасіў дазволіць яму насіць марлевую павязку падчас працэсаў.

Я напісаў, што як любы нармальны чалавек не магу кантраляваць рух мімічных мышцаў твару. Пастаянна трымаць свой твар каменным для мяне не ўяўляецца магчымым, з-за чаго я магу атрымаць заўвагу суддзяў суда Ленінскага раёна. Як законапаслухмяны грамадзянін, я не хачу гэтага, таму папрасіў дазволіць мне насіць у зале суда ватна-марлевыя павязкі, што дазволіць схаваць эмоцыі і міжвольныя ўсмешкі, – распавёў Хамратаў карэспандэнту сайта.

Што цікава, Ігар Прошка ня даў адназначнага адказу на просьбу праваабаронцы.

«Ваша хадайніцтва аб прысутнасці на судовым пасяджэнні ў ватна-марлевай павязцы падлягае разгляду непасрэдна тым суддзёй, у вытворчасці якога будзе знаходзіцца справа з вашым удзелам.

Звяртаем вашу ўвагу, што ў адпаведнасці з ч.2 арт.271 ГПК удзельнікі грамадзянскага судаводства, а таксама ўсе грамаядзяне, якія знаходзяцца ў зале судовага пасяджэння, абавязаны выконваць усталяваны парадак і беспярэчна падпарадкоўвацца адпаведным распараджэнням.
Акрамя таго, паводзіны ўдзельнікаў грамадзянскага судаводства павінны адпавядаць агульнапрынятым правілам паводзінаў і не выходзіць за рамкі этычных нормаў», – напісаў у адказе старшыня аблсуда.
Бокс па перапісцы на гэтым не скончаны – Аляксандр Хамратаў у адпаведнай заяве ад 18 студзеня папрасіў патлумачыць, які нарматыўны акт устанаўлівае агульнапрынятыя правілы паводзінаў і рамкі этычных нормаў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў