Маці Уладзіслава Казакевіча сцвярджае, што над ім здзекуюцца ў магілёўскай турме


ПРАВААБАРОНА / Thursday, October 4th, 2018

Следчы камітэт праводзіць праверку па факце незаконнага прымянення да Казакевіча фізічнай сілы.

4 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Уладзіслаў Казакевіч быў асуджаны да 22 гадоў зняволення пасля нападу на кантралёраў ў шклоўскай папраўчай калоніі. У кастрычніку 2017 года ён напаў з нажом на супрацоўнікаў ПК №17, паспеўшы параніць аднаго з іх.

Да гэтага, у 2016 годзе, Казакевіч напаў з бензапілой і сякерай на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра «Новая Еўропа» ў Мінску. Ён паспеў забіць адну жанчыну і раніць яшчэ траіх чалавек.

Падчас следства і суда сям’я 19-гадовага хлопца сцвярджала, што ён псіхічна нездаровы і замест адбыцця пакарання ў калоніі яго неабходна адправіць на лячэнне ў псіхіятрычную лякарню. Зрэшты, суд вырашыў інакш – спачатку яго прысудзілі да 15 гадоў зняволення, пасля нападу на кантралёраў – да 22 гадоў.

У дадзены момант Казакевіч адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4. І, па словах яго маці Вольгі Мажэйкі, над ім пастаянна здзекуюцца. Адвакаты яе сына рэгулярна скардзяцца ў дзяржорганы на жорсткае стаўленне, але жанчына сцвярджае, што ўлады не жадаюць прызнаваць парушэнні.

Так, у траўні 2018 года Казакевіча змясцілі ў карцэр турмы №4, дзе, паводле яго слоў, яму даводзілася цярпець холад, волкасць і цвіль. Згодна са скаргай у пракуратуру, хлопец грэўся падчас шпацыраў на вуліцы – у той час тэмпература звонку была каля 15 градусаў цяпла. То бок тэмпература ў камеры была значна ніжэйшай.

З-за такіх ўмоваў, па словах Вольгі Мажэйкі, у яе сына распухлі ногі. Аднак Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў і пракуратура адмовіліся прызнаваць парушэнне ўмоў утрымання.

Акрамя гэтага, Уладзіслаў Казакевіч, як сцвярджае яго маці, пастаянна сутыкаецца з фізічным уздзеяннем.

У дадзены момант Упраўленне Следчым камітэтам па Магілёўскай вобласці праводзіць праверку па факце незаконнага прымянення да Казакевіча фізічнай сілы, спецсродкаў і недазволеных мер з боку супрацоўнікаў турмы №4 і канваіраў. У верасні тэрмін праверкі быў падоўжаны да 6 кастрычніка.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *