Кандыдату ў дэпутаты адвольна змянілі фатаграфію ў буклеце

Фатаграфію Зміцера Салаўёва на фоне банэра партыі БНФ замянілі на здымак з мінулых выбараў.

30 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Пра гэта кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 Зміцер Салаўёў даведаўся, калі надрукаваны буклет апынуўся ў яго ў руках.

Падчас рэгістрацыі я падаваў сваю фатаграфію, дзе стаю на фоне партыйнага банэра. А сёння знайшоў буклет, у які ўстаўлены зусім іншы здымак. Ён быў выкарыстаны падчас іншай выбарчай кампаніі, гэтым разам яго я не падаваў і са мной яго не зацвярджалі. Тэкст праграмы надрукавалі зацверджаны, пад якім я ставіў роспіс, фота жа – зусім іншае. Буду звяртацца са скаргай у акруговую камісію, хай перадрукоўваюць, значыць, – паведаміў карэспандэнту MSPRING.ONLINE Зміцер Салаўёў.

Назіральнік па 85-ай акрузе Аляксандр Буракоў, даведаўшыся пра праблему, звярнуўся ў акруговую камісію, аднак па яго словах, сітуацыя больш яснай не стала:

– Калі я патэлефанаваў, там дзяжурыў Арлоў Дзяніс Анатольевіч, які, як аказалася, і прымаў дакументы, у тым ліку і фатаграфію, Зміцера Салаўёва. Ён пры мне пачаў шукаць здымкі ў кампутары, і, як я зразумеў, выявіў абодва варыянты – і тую, дзе кандыдат у дэпутаты стаіць побач з банэрам БНФ, і тую, якую выкарысталі пры друку. Па тэлефоне ён паведаміў мне, што праінфармаваў старшыню камісіі Вольгу Клімянкову і сакратара Сяргея Казлоўскага аб праблеме і яны павінны разабрацца ў сітуацыі ў бліжэйшы час, – паведаміў Буракоў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў