Па логіцы УУС Магаблвыканкама, заяўнік Аляксандр Хамратаў – ўсяго толькі сведка, і справаздачыцца перад ім ніхто не абавязаны.

12 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


6 траўня 2019 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, гендырэктар ЗАТ «ЦІС-Магмет» Валер Гусарэвіч і некалькі чалавек сталага ўзросту ўрачыста адкрылі парэнчы ў парку ў раёне вуліцы 30-ці гадоў Перамогі. Атрымалася рэзанансна – Марзалюк і Гусарэвіч нават перарэзалі чырвоную стужку, пасля чаго сталі мемам Байнэта.

Помните, как Марзалюк торжественно открывал перила? Активист пожаловался, что депутат нарушил закон о массовых мероприятиях

Актывіст Аляксандр Хамратаў звярнуў увагу, што падчас мерапрыемства адсутнічалі супрацоўнікі міліцыі, хуткай дапамогі і МНС. Ён звярнуўся ў Ленінскі РАУС з просьбай правесці праверку ў дачыненні да дэпутата Ігара Марзалюка і пачаць адміністрацыйны працэс за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыя адмовілася пачынаць працэс, спаслаўшыся на адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Хамратаў не пагадзіўся з пастановай Ленінскага РАУС і абскардзіў яе ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Суддзя Ігар Шведаў пацвердзіў, што міліцыя аказалася няправай. На яго думку, не быў вызначаны статус мерапрыемства, а ў міліцэйскай пастанове ўтрымліваліся памылкі.

Марзалюк урачыста адкрыў парэнчы. Магілёўскі суд не ўстанавіў, ці было мерапрыемства законным

Ён адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку. Хамратаву, як заяўніку, павінна была прыйсці паўторная пастанова з Ленінскага РАУС. Пасля месяца чакання актывіст звярнуўся ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, каб даведацца, чаму ж міліцыя не рэагуе на рашэнне суда і яго скаргу.

Намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў у адказ заявіў яму, што Ленінскі РАУС не павінен быў высылаць пастанову па яго скарзе, паколькі Хамратаў – усяго толькі сведка.

Актывіста такі падыход абурыў:

– Я ацэньваю адказ спадара Рыжанкова як палітычна матываваны. У першым выпадку мне далі і саму пастанову, і суправаджальны ліст з адказам. Зараз жа адмыслова нічога не даслалі, ды яшчэ і зацягнулі тэрміны, каб я не мог абскардзіць іх дзеянні ў 15-дзённы тэрмін, – пракаментаваў сітуацыю Хамратаў. Ён мае намер звярнуцца ў МУС, каб дамагчыся справядлівасці.

Што тычыцца урачыстага адкрыцця парэнчаў, то міліцыя і ў другі раз не знайшла віны Марзалюка.

– Сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў з выбаршчыкамі выбарнага акругі ў загадзя вызначаным альбо нявызначаным месцы, у тым ліку пад адкрытым небам, не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, – заявіў Рыжанкоў.