«Супрацоўнікі ДАІ рызыкуюць пастаянна!»

У Магілёве прайшоў суд паміж УУС Магілёўскага аблвыканкама і адміністратарам самага папулярнага пабліка «Укантакце» горада з-за апытання ў сацыяльнай сетцы.

21 снежня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі. Фота – Аляксандр Ірхо перад судом, Алесь Святліцкі

21 лістапада аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС выявіў у пабліку «Укантакце» Бобруйск.Live, Могилев.Live і Могилев.Real апытанне “Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці”. Для адказу прапаноўвалася выбраць адзін з наступных варыянтаў: “Менш за 20 даляраў”, “101 і больш даляраў”, “Я пытанні без грошай вырашаў” і некаторыя іншыя. УУС палічыла такое апытанне абразлівым і падала супраць адміністратара пералічаных груп Аляксандра Ірхо пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

21 снежня суддзя суду Ленінскага раёна Валянціна Лапаціна пачала разгляд пазову. Інтарэсы УУС прадстаўлялі старшы інспектар па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяна Мартынава і начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дзмітрый Ігнатовіч. Прадстаўнікі УУС пагадзіліся пайсці на міравое пагадненне, калі Ірхо выканае ўсе патрабаванні, названыя ў пазове – апублікуе абвяржэнне апытання на старонцы Могилев.Live.

Ігнатовіч сказаў, што гэта ён выявіў апытанне ў соцсеть і запатрабаваў, каб Ірхо выдаліў яго, аднак той адмовіўся.

– Я даў яму зразумець, што гонар міліцыі я ганьбіць не дазволю, – заявіў прадстаўнік УУС.

Таццяна Мартынава звярнула ўвагу на тое, што публікацыя апытання наўпрост паўплывала на рэпутацыю органаў унутраных спраў і дзяржаўтаінспекцыі:

– У нас праводзяцца апытанні грамадскай думкі па працы не толькі ДАІ і асобных службаў, але і ў цэлым міліцыі. Аднак вынікі гэтых апытанняў ніколі не выстаўляюцца на публічнае абмеркаванне і разгляд. Нават Беларускі Хельсінскі камітэт літаральна сёлета праводзіў анкетаванне па працы органаў унутраных спраў з апытаннем супрацоўнікаў. Гэтае апытанне было накіравана на ліквідацыю недахопаў. Вынікі былі даложаны выключна міністру ўнутраных спраў і начальнікам абласцей. То бок, гэта не прапагандуе і ня дыскрэдытуе вобраз супрацоўнікаў унутраных спраў, а накіравана на папулярызацыю і дасягненне станоўчага выніку. Але ўказанне негатыўнай інфармацыі ў цэлым пра супрацоўнікаў ДАІ Магілёўскай вобласці – гэта неаб’ектыўна, незаконна і крыўдна. У сваёй большасці супрацоўнікі міліцыі, асабліва ДАІ, рызыкуюць пастаянна. Менавіта таму іх дзейнасць знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, – сказала Мартынава.

Супрацоўніца міліцыі адзначыла, што намёкам на неахайнасць ДАІ з’яўляецца выкарыстанне ў апытанні замежнай валюты:

– Калі гэта было даследаванне грамадскай думкі, то чаму згадваўся не беларускі рубель? Ўказанне іншай валюты сведчыць аб намёку на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў ДАІ. Больш за тое, на старонцы апублікаваныя вынікі гэтага апытання. Гэта значыць, любы карыстальнік, як адкрыў старонку, бачыў, што грашовую суму ў памеры 101 і больш даляраў супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці далі 67 чалавек. Суму да 50 даляраў – 37 чалавек, 20 даляраў – 31 чалавек і гэтак далей. Тое, што ў апытанцы пазначаны дадатковыя адказы «Я пытанні вырашаў без грошай», «Я не кіроўца» і «Я не сутыкаўся з ДАІ», ня прымяншаюць той інфармацыі, якая ўжо дыскрэдытавала і зганьбіла дзелавую рэпутацыю асобаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, – абурылася Таццяна Мартынава.

Аляксандр Ірхо прызнаў, што з яго боку было не зусім прыгожа праводзіць апытанне з указаннем даляраў. Паводле яго слоў, менавіта гэты факт паўплываў на тое, што ён усё ж такі выдаліў публікацыю. Аднак з абвінавачваннямі ў нанясенні страт рэпутацыі абласному УУС і ДАІ адміністратар групы не пагадзіўся:

У сваім апытанні я не ўжываў слова «хабар», а толькі слова «грошы». У пазоўнай заяве таксама нідзе не згадваецца слова «хабар», а толькі слова «грошы». Больш за тое, у ПВКаАП ёсць норма права, якая дазваляе спаганяць штраф на месцы, – сказаў Ірхо.

Адказчык звярнуў увагу на неканкрэтнасць іскавых патрабаванняў УУС:

Невядома, якія менавіта абвяржэнні УУС патрабуе надрукаваць. Мяркую, што калі б яны адразу паспрабавалі сфармуляваць тэкст жаданага імі абвяржэння, то адмовіліся б ад пазову, – заўважыў адміністратар Могилев.Live. – Даследаванне, аналіз і дзелавая крытыка ў СМІ дзейнасці супрацоўнікаў любых дзяржорганаў, у тым ліку і ДАІ, ніякім чынам не з’яўляецца ўмяшальніцтвам у іх законную дзейнасць. А крытыкаваць і ў рамках закона спыняць непрыдатную іх дзейнасць з’яўляецца правам ўсіх грамадзян, а часам і іх грамадзянскім абавязкам. Мой апытанне – адзін з прыкладаў такога падыходу, я лічу.

Працэс доўжыўся дзве гадзіны, пасля чаго суддзя Лапаціна абвясціла перапынак да 27 снежня. У гэты дзень адбудуцца спрэчкі і будзе вынесена рашэнне.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў