Гісторыя мясцовай рэакцыі на міжнародную салідарнасць.

9 красавіка. Бабруйск. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Кампанія тэрміновага дзеяння Amnesty International з патрабаваннем захоўваць правы непаўналетніх Эміля Астраўко і Васіля Саўчанкава стартавала 21 сакавіка. Актывісты гэтай праваабарончай арганізацыі з усяго свету сталі пісаць у абарону падлеткаў начальніку бабруйскай выхаваўчай калоніі Сяргею Маслюкову. З гэтага моманту абодва хлопцы перасталі выходзіць на сувязь з бацькамі.

Як ужо пісаў магілёўскі часопіс пра правы чалавека mspring.online, у бабруйскай выхаваўчай калоніі №2, дзе ўтрымліваюцца непаўналетнія злачынцы, і раней сістэматычна парушалася правы асуджаных на тэлефанаванне бацькам.

Выхаваўчая калонія №2: як жывуць падлеткі ў месцы на ўскраіне Бабруйска, якое падобна на канцлагер

Замест прызначанай законам чвэрці гадзіны дзеці мелі магчымасць пагаварыць са сваякамі не больш за 4-5 хвілін. Пасля акцыі Amnesty International Эміль Астраўко змог датэлефанавацца толькі аднойчы – у мінулую нядзелю (7 красавіка). У кароткай гутарцы ён змог паведаміць толькі, што атрымаў спагнанне і зараз пазбаўлены перадачы. Васіль Саўчанкаў на сувязь не выходзіць ужо чацвёрты тыдзень.

Васіль Саўчанкаў

Абодва 17-гадовыя хлопцы ў мінулым годзе былі асуджаныя да 10 гадоў пазбаўлення волі кожны за нарказлачынствы, здзейсненыя арганізаванай групай (ч.4 артыкула 328). Абодва былі змешчаны пад варту і, знаходзячыся ў СІЗА, былі пазбаўленыя магчымасці здаць выпускныя экзамены і атрымаць атэстат пра сканчэнне школы.

Пазней абласны суд перакваліфікаваў дзеянні Эміля Астраўко на п.3 артыкулы 328 (дзеянні, здзейсненыя групай асобаў) і прысуд яму змякчылі да 8 гадоў. Бацькі ж хлопца настойваюць на тым, што і гэтага злачынства іх сын не здзяйсняў.

На думку экспертаў-праваабаронцаў з Amnesty International, у Беларусі да непаўналетніх ужываецца занадта суровае пакаранне.

Нагадем, указам прэзідэнта ўведзена адказнасць за нарказлачынствы з 14 гадоў, а максімальны тэрмін за іх павялічаны да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Характэрна, што ў дакуменце Amnesty International у дачыненні да дзеянняў падлеткаў скарыстаны панятак “minor drug-related offences”, што перакладаецца як “дробныя парушэнні права, звязаныя з наркотыкамі”. Праваабаронцы з Лондана не вераць у тое, што юныя падлеткі здольныя наладзіць паўнавартасны наркабізнес у складзе арганізаванай групы.

А ў некаторых выпадках, гаворыцца ў афіцыйнай заяве AI, арыштаваныя не здзяйснялі злачынствы і трапілі пад следства за адмову супрацоўнічаць з праваахоўнікамі, якія жадалі абвінаваціць іншых людзей.

У той жа час, падчас следства і суда падазроныя сутыкаюцца са шматлікімі парушэннямі правоў чалавека. Пасля вынясення прысуду яны ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах у парушэнне міжнародных стандартаў. Так, канстатуе Amnesty International, Беларусь не выконвае мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі ААН (правілы Нэльсана Мандэлы), прынятыя Генеральнай Асамблеяй ААН.

Адзначым, беларускія праваабаронцы звярталі ўвагу і на парушэнні беларускай дзяржавай палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. Апошні інцыдэнт ускладнены тым, што Эміль Астраўко пакутуе на бранхіяльную астму.

Тым не менш, ён як, і ўсе астатнія, працуе на пляцоўцы па здабычы другаснай сыравіны (чыстай гумы) з аўтамабільных покрывак. Спагнанне на яго было накладзена толькі за тое, што ён працаваў без маскі, спрабуючы выканаць норму. Зараз бацькі падлеткаў з дапамогай адвакатаў будуць спрабаваць высветліць лёс сваіх дзяцей і спосабы ціску на іх.

Напомнім, бабруйская выхаваўчая калонія №2 складаецца з трох атрадаў па 80 чалавек. Два з іх цалкам укамплектаваныя асуджанымі па артыкуле 328 “Незаконны зварот наркатычных сродкаў”. З’явіліся яны і ў трэцім.

Рэпартаж магілёўскага часопіса пра правы чалавека mspring.online выклікаў ажыятаж у сацыяльных сетках і даў чаканую рэакцыю: частка маці ў сацыяльных сетках сталі пісаць толькі хвалебныя каментары на адрас адміністрацыі калоніі, ведаючы, што яны праглядаюцца цэнзарамі, але ў асабістыя паведамленні журналіста пасыпаліся сцвярджэнні пра новыя здзекі ў ВК №2. Прывядзём некаторыя з іх (скрыншоты паведамленняў рэдакцыяй захаваны).

У бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 некаторы час назад асуджаных дзяцей прымушалі цукеркі есці толькі стоячы, а мучныя вырабы седзячы. У чым сэнс – ніхто растлумачыць не змог”.

Таксама апісаны выпадак, калі ў ВК №2 прыязджала праверка. У аднаго з хлопцаў спыталі, чаго асуджаным не хапае. Тот адказаў, што кормяць дрэнна.

Калі праверка з’ехала, на вячэру давалі запяканку. Звычайна, кожнаму з дзяцей даецца па кавалку, але ў той дзень норма была зменшана прыкладна ўтрая. На пытанне дзяцей, чаму такія маленькія кавалачкі, адказам раскормленых супрацоўнікаў было: вы паскардзіліся, што кормяць мала і дрэнна, вось і ешце мала”.

Маці баяцца, што праверкі прыязджаюць і з’язджаюць, але ўсё застаецца па-ранейшаму. Тых, хто скардзіцца, хутка вылічваюць і ствараюць дзецям на зоне жорсткія ўмовы.

Праўда, адзначаюць яны, параўнальна нядаўна начальнік калоніі памяняўся, а вось парадкі не вельмі. Меркавана, размова ідзе пра Сяргея Маслюкова. Ён ужо праславіўся дзіўнымі метадамі выхавання, калі верыць маці 16-гадовага Азіза Тагаева. 27 лістапада яна звярнулася да праваабаронцаў з арганізацыі “Прававая ініцыятыва”: сцвярджае, што яе сына збівалі ў калоніі і не давалі медычнай дапамогі.

Азіз Тагаеў трапіў у калонію ў жніўні 2018 года па артыкуле 328. У карантыне, па сведчанні маці, яго збілі супрацоўнікі калоніі, пашкодзіўшы каленную рэпку. Лячэння падлетку не аказвалі. Пасля спаткання маці звярнулася ў Дэпартамент выканання пакараннняў (ДВПН) і расказала, што сына збілі аператыўныя супрацоўнікі Котаў і Калашнікаў.

Сяргей Маслюкоў, начальнік калоніі, быў незадаволены скаргамі Тагаева. А калі прыехала праверка з ДВП, супрацоўнікі калоніі, па версіі маці, ужо былі падрыхтаваныя − яны правялі “папярэднюю гутарку” з Азізам, і апытанне падлетка праходзіла пры Маслюкове асабіста – ён сядзеў побач за сталом і ціснуў нагой на ступню хлопца. У выніку з ДВП прыйшоў стандартны адказ, што катаванняў няма. Праўда, Азіза ў выніку адправілі ў шпіталь у Бабруйску на абследаванне. Чым скончыцца гэта гісторыя – невядома.

На фота Сяргей Маслюкоў з узнагародай. Фота – mvd-din.by

Вядома, што на адной з апошніх калегій Дэпартамента выканання пакаранняў МУС начальнік папраўчай установы “Выхаваўчая калонія №2” УДВП МУС па Магілёўскай вобласці падпалкоўнік унутранай службы Сяргей Маслюкоў быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” III ступені.