Ігар Марзалюк, аказваецца, так і не выступіў на мітынгу 15 сакавіка

На судовым працэсе па скарзе Аляксандра Хамратова на пастанову Ленінскага РАУС высветліліся дзіўныя рэчы.

10 мая. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


Суддзя Ірына Ланчава 10 траўня разгледзіла скаргу праваабаронцы Аляксандра Хамратава на спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка. На яе думку, міліцыя правяла паўнавартасную праверку ў дачыненні да парламентарыя. Яна пакінула пастанову Ленінскага РАУС у сіле.

Яшчэ да працэсу Аляксандр Хамратаў азнаёміўся з матэрыяламі справы, у якіх ўбачыў нечаканы для сябе факт.

– У матэрыялах справы змяшчалаецца запіс пра апытанне Ігара Марзалюка маёрам Яўгенам Слаўнікавым. Марзалюк растлумачыў, што сапраўды прыйшоў на вуліцу Ленінскую для сустрэчы з выбаршчыкамі, паколькі з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Ён паспрабаваў выступіць з мегафонам, але, па яго словах, адразу ж пачаліся крыкі і ён аддаў у мегафон, – распавёў праваабаронца яшчэ да суда. У доказ сваіх слоў ён прывёў фота дакумента.

Каб даказаць сваю правату, на працэсе Хамратаў хадайнічаў аб выкліку ў якасці сведкі карэспандэнта інфармацыйнага агенства БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. Журналіст мог падрабязна расказаць пра выступ Марзалюка, якое доўжылася некалькі хвілін. Суддзя Ірына Ланчава адхіліла хадайніцтва. Сваё рашэнне яна матывавала тым, што ўсіх сведак павінны былі апытаць на этапе праверкі. Суд разам з вынясеннем рашэння скончыўся за 40 хвілін.

Аляксандр Хамратаў пасля суда заявіў журналістам, што збіраецца дайсці да Вярхоўнага суду:

– Я нічога не маю супраць дэпутата Ігара Марзалюка. Я ўсяго толькі хачу паказаць, наколькі прагніла сістэма. Тая ж суддзя Ланчава 15 сакавіка за аналагічны лютаўскі выступ пакарала лідэра АГП Уладзіміра Шанцава. У выпадку з Марзалюком паслядоўнасці няма. Калі Вярхоўны суд прыме такое ж рашэнне, што і суд Ленінскага раёна, значыць сістэма прагніла цалкам. Гэта вядома і так, але мая мэта – выцягнуць гэта наверх і зрабіць відавочным, – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.

У бліжэйшы час ён збіраецца абскардзіць рашэнне ў абласным судзе.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў