Новы кіраўнік БСДП Ігар Барысаў: “Не менш за пяць чалавек з Грамады здольныя быць прэзідэнтам краіны”


СОЦЫУМ / Friday, April 13th, 2018

Новы кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) – з Магілёва. Канешне, без нашага інтэрвью тут не абысціся.

13 красавіка. Магілёў-Менск. Аляксандр Райкан


Ігар Барысаў у сакавіку ачоліў самую буйную сацыял-дэмакратычную партыю краіны. Нягледзячы на высокую пасаду, самае цяжкае ў яго толькі пачынаецца. Апошнім часам вакол партыі шмат чуткаў пра раскол, выхад сяброў з яе шэрагаў, малую прысутнасць у СМІ і гэтак далей. Але малады кіраўнік, якому ў траўні споўніцца 36 гадоў, упэўнены ў поспехе.

Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Магілёве. Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Працаваў на “Магілёўліфтмашы”, “Заводзе палімерных труб”, цяпер працуе мэнэджарам у прыватнай фірме.

Доўгі час узначальваў сацыял-дэмакратаў на абласным узроўне, быў намеснікам старшыні партыі, а таксама цягам 10 год кіраваў інтэрнэт-выданнем “Наш Магілёў”.

Якія чаканні ад самога сабе, ад партыі і краіны?

– Першае, напэўна, наладзіць добрую камунікацыю і сістэмную працу ўнутры арганізацыі, каб стварыць цэласную каманду, з якой можна рухацца далей і перамагаць. Гэта чаканні ад арганізацыі і сябе. Нам трэба ўмацоўвацца, каб быць не апошнімі ў палітычным жыцці Беларусі.

– Перамагаць у чым?

– Перамагаць на выбарах.

– Бліжэйшыя – парламенцкія і прэзідэнцкія. Як жа будзе ўдзельнічаць БСДП у гэтых кампаніях?

– Мы ўжо пачынаем абмяркоўваць спіс кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў ад нашай арганізацыі і я спадзяюся, што ён будзе не малы. У нас ёсць такая свая нефармальная ўстаноўка – не меньш за сто кандыдатаў, бо гэта сто магчымасцяў скарыстацца тэлебачаннем, данесці наш пасыл да выбаршчыкаў, каб сказаць, хто мы такія і чаго мы хочам. Хачу падкрэсліць: выбараў пакуль у нас няма. Ёсць толькі выбарчыя кампаніі. Выбары ў нас будуць тады, калі пачнуць лічыць галасы. Ну а пакуль мы працуем па той схеме, якая сфармавалася ў нас у апошнія часы. Праз публічныя выступы мы мусім знайсці новых прыхільнікаў, узвысіць аўтарытэт сваёй партыі, спрыяць вырашэнню праблем рознага ўзроўня.

– Гэта ўсё пра парламенцкія выбары. А што з прэзідэнцкімі? Будзеце кагосьці вылучаць, або, магчыма, ёсць жаданне падтрымаць адзінага кандыдата?

– Зараз гутарка пра адзінага не ідзе, наўрадці гэтае магчыма. Улічваючы настрой нашых партыйцаў магу сказаць з упэўненасцю, што большасць выступае за вылучэнне партыйнага кандыдата ў прэзідэнты замест супрацы з кімсці, ці працы на нейкага іншага.

– Ці ёсць зараз у партыі, ці ўвогуле ў Беларусі чалавек, якога вы бачыце прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь?

– У нас у партыі дастаткова сур’ёзна думаючых людзей. Думаю, што не менш за пяць з іх могуць вылучацца на гэтую пасаду і быць дастойнымі кандыдатамі. Прозвішчы называць не буду. Скажу, што ў Грамады высокі патэнцыял як інтэлектуальны, так і арганізацыйны, таму гэтае пытанне мы будзем прапрацоўваць.

– Якія сёння тры галоўныя праблемы БСДП (Грамада)

– Я б не сказаў, што ёсць праблемы. Лепш выкарыстаць слова “прыярытэты”. Першы – арганізацыйнае будаўніцтва. Трэба ствараць новыя структуры, рэаніміраваць старыя, шукаць лідараў і прыхільнікаў. Другі прыярытэт – міжнароднае супрацоўніцтва. Гэта ўплывае на ўзровень салідарнасць з боку міжнароднай грамадскасці. Можа тут у Беларусі наша партыя не парламенцкая, але на міжнародным узроўні мы з’яўляемся сябрамі “Прагрэсіўнага альянсу”. Гэта прыносіць свой плён, бо пад парасонам гэтай арганізацыі зараз знаходзяцца каля 130 аб’яднанняў з усяго свету. Гэта добры інструмент, каб уплываць на стаўленне да беларускіх уладаў, да супрацоўніцтва на мясцовым узроўні. Мы мусім адыграваць большую ролю.

Трэці прыярытэт – палітычная незалежнасць. Наша партыя павінна быць унікальнай і знаходзіць свой электарат. Гэта людзі наёмнай працы, выкладчыкі і педагогі, медыкі, людзі з інваліднасцю, пенсіянеры, хатнія гаспадыні, дробны і сярэдні бізнэс. Больш за ўсё трэба глядзець на тое, каб у кааліцыях БСДП нікому не падносіла партфель. Таксама як кіраўнік партыі, я буду намагацца палепшыць кантакты з незалежнымі прафсаюзамі.

– Як ты ацэньваеш пазіцыі БСДП сёння ў краіне?

– Варта памятаць, што мы маем афіцыйны статус зарэгістраванай партыі. Калі параўноўваць з іншымі палітычнымі ўтварэннямі, якія маюць падобныя да БСДП структуры, то мы ў пяцёрку ўваходзім дакладна. Пытанне ў іншым. Як зрабіцца хэдлайнерамі.

– У мяне склалася адчуванне, што акрамя Магілёва, партыі, якую ты ўзначаліў, амаль нідзе не чуваць. Неяк заўсёды мы чытаем і бачым на маніторах прадстаўнікоў іншых палітычных сілаў.

– Былі праблемы пэўны час з актыўнасцю ў сталіцы. Але пасля святкавання Дня Волі 25 сакавіка гэтае пытанне можна паступова здымаць. Ад нас у арганізацыі святкавання прынялі ўдзел каля 80 партыйцаў.

Іншая рэч, што БСДП незаўсёды арыентуецца на пратэстны электарат. Зараз мы не вулічная арганізацыя. Мы не можам рызыкаваць сваім юрыдычным статусам, каб правесці напрыклад адную нейкую акцыю на вуліцы, якая ні да чаго не прывядзе ў сённяшніх умовах і назаўтра быць закрытымі.

Некаторыя палітычныя лідары заклікаюць людзей на вуліцу, тыя прыходзяць, а арганізатараў няма, бо іх прэвентыўна затрымалі. Раз-два-тры такое здараецца і потым людзі ўжо з недаверам пачынаюць глядзець на тых, хто заклікаў іх на плошчу.  Гэта да пытання адносна таго, чаго можна зараз дасягнуць вулічнымі акцыямі.

– Зараз у БСДП угледжваецца раскол, гэта так?

– Не зусім разумею.

– Берасцейскія сябры партыі, напрыклад намеснік старшыні Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс часцяком крытыкуюць у сацсетках кіраўніцтва Грамады і мінулае, і сённяшняе.

– З моманту свайго абрання адкрытай крытыкі я пакуль не бачыў і не чуў. Але ж гэта справа часу, бо як некаторыя кажуць – добрых кіраўнікоў не бывае. Крытыка будзе суправаджаць любога старшыню і кіраўніка, пакуль ён на пасадзе. Я адэкватна ўспрымаю крытыку, бо за апошнія два гады яна мяне моцна закаліла, як і тыя людзі, якія дзень і ноч крытыкавалі папярэднюю кіраўнічку Ірыну Вештард і мяне, як частку яе каманды. Калі б я проста не быў з Вештард, то я бы быў лепшым сябрам для сваіх апанентаў, але я не здраднік і ішоў да канца. Іншая справа, што ёсць крытыка па справе, а ёсць распаўсюд недакладнай і неправеранай інфармацыі. Крытыку я вітаю, а вось несапраўдныя звесткі не прымаю. У дэмакратычнай краіне падобным разбіральніцтвам мусіць займацца ў суд.

Што датычна расколу, то гэтае пытанне здымаецца з парадку дня – для гэтага няма прычыны. Гэта нікому не патрэбна. Прадстаўнікі Брэста прадстаўлены як у Прэзідыуме, так і ў Цэнтральным камітэце. Ніхто ад іх пазбаўляцца не збіраўся. Пройдзе нейкі час і ўсе забудуць што некалі быў канфлікт і стасункі зноўку з усімі стануць добрымі. Пакуль што яны вытрымана працоўныя.

– Тое, што у Беларусі існуе некалькі сацыял-дэмакратычных партый ці іх аргкамітэтаў, гэта добра альбо дрэнна?

– Гэта сведчыць аб тым, што ідэі сацыял-дэмакратыі вельмі запатрабаваныя сёння ў Беларусі. Калі паглядзець, то ёсць две зарэгістраваныя партыі – Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч і наша. Але БСДГ, будзем казаць шчыра, ужо гад дзесяць не праводзіла з’езд і з’яўляецца “правай” па сваёй ідэалогіі.

У той жа “Прагрэсіўны альянс” уваходзім толькі мы, больш ніхто.

Адносна аргкамітэтаў – ён яшчэ павінен стаць партыяй. Калі стане – будзем размаўляць на роўных умовах.

– Што зараз у БСДП з моладзю?

– Дык я ж яшчэ не стары, мне толькі 35! У нас шмат людзей майго пакалення. Тыя, з кім я быў яшчэ ў “Маладой Грамадзе”, зараз пры справах. Плюс ёсць маладзейшыя. Мне камфортна, што вакол мяне шмат маладых людзей. Але гэта не значыць, што пазіцыі старэйшых мы не ўлічваем ці не паважаем. У нас добры кантакт з усімі.

– Апошняе жартаўлівае пытанне. Чаму так шмат палітычных лідараў паходзяць менавіта з Магілёўшчыны? Пачалі з Аляксандра Лукашэнкі, у тым годзе партыю БНФ узначаліў Рыгор Кастусёў, зараз вы сталі кіраўніком БСДП.

– І гэта яшчэ забыліся на Алеся Сілкова, які каардынуе нацыянальную кампанію “Права выбару”. Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнню партыі БХД, які сам з Бабруйску. Гэта сведчыць аб тым, што ў Магілёўшчыны проста невычарпальны кадравы патэнцыял.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *