Яны змогуць: магіляўчанка запускае унікальны для Беларусі праект для людзей з інваліднасцю


СОЦЫУМ / Friday, August 3rd, 2018

У канцы жніўня ў Магілёве з’явіцца «Тэрыторыя людзей» – прастора, у якой любы чалавек з мэнтальнымі або фізічнымі хібамі зможа быць пры справе.

3 жніўня. Магілёў. Саша Райкан. На здымку – Алеся Цумарава.


У 1981 годзе, калі нарадзілася Алеся Цумарава, лекары паставілі ёй дыягназ «дзіцячы цэрэбральны параліч». Праз дзесяцігоддзі яна перамагла ў рэгіянальным конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй бізнес-школы ІПМ ў 2017 годзе. Больш за тое, на рэспубліканскім узроўні журы ацаніла «Тэрыторыю людзей» як лепшы сацыяльны праект.

Такога ў Беларусі яшчэ няма – праект «Тэрыторыя людзей» павінен аб’яднаць у сабе функцыі цэнтра навучання, студыі прыгажосці і крамы сувеніраў людзей з інваліднасцю.

Уваход (Першамайская, 20)

Ён адкрыецца па адрасе Першамайская, 20 (злева ад уваходу ў краму «Магіляўчанка»). Гэта памяшканне амаль у сто квадратных метраў, кожны з якіх выкарыстоўваецца па максімуме:

– У нас будуць прадавацца сувеніры, якія хлопцы робяць сваімі рукамі. Людзі з інваліднасцю шматгранныя – хтосьці вяжа, хтосьці вышывае, хтосьці займаецца дэкупажам. Мы будзем старацца дапамагаць усім, хто займаецца рамесніцтвам і не толькі. Усё, што трэба – гэта каб людзі зарэгістраваліся як рамеснікі. У мяне самой адкрыта ІП, я плачу падаткі і працую пад рэалізацыю, – распавядае Алеся Цумарава.

З дапамогай брэнда адной з касметычных кампаній на «Тэрыторыі людзей» будзе адкрыта першая ў Магілёве студыя прыгажосці для дзяўчат з інваліднасцю. Тут жа будзе пункт выдачы касметыкі. За гэта каманія аплоціць частку арэнды. Яшчэ адна важная частка памяшкання – навучальны клас на 10-15 чалавек.

– Мы будзем навучаць людзей з інваліднасцю продажам, SMM, вядзенню бізнеса, – распавядае гаспадыня праекта. – Далёка не кожнага чалавека з інваліднасцю возьмуць на працу. Але ж можна навучыцца правільна весці дакументацыю, падатковае кіраванне – чалавек з такімі навыкамі напэўна спатрэбіцца працадаўцу.

Месца для продажу сувеніраў і выдачы касметыкі

Адзін з недахопаў памяшкання – недаступнасць для вазочнікаў. Спецыяльна для іх, па словах Алесі Цумаравай, будзе весціся анлайн-навучанне. Акрамя гэтага, у «Тэрыторыі людзей» ёсць дамоўленасць з Домам ветэранаў, куды яны будуць ездзіць для сустрэч з вазочнікамі, паколькі там існуе неабходная інфраструктура.

Аўтарка праекта хоча ахапіць як мага больш чалавек з інваліднасцю:

Ёсць людзі, заменчаныя пад бізнес, ёсць заменчаныя пад Інтэрнэт, а ёсць тыя, хто хацеў бы працаваць рукамі, але ён нічога не ўмее. Спецыяльна для іх мы будзем праводзіць навучанне па вырабу хэнд-мэйд сувеніраў. Таксама трэба ўлічваць, што ёсць людзі з ментальнымі парушэннямі, якія фізічна не могуць выконваць нейкую сур’ёзную інтэлектуальную працу. Але затое яны могуць добра працаваць рукамі. Чалавек будзе пры справе, пры гэтым зможа зарабіць трохі грошай, – лічыць Цумарава.

Будучая навучальная зала

Глабальная мэта «Тэрыторыі людзей» – стаць турыстычнай кропкай Магілёва.

Такога цэнтра навучання і адначасова крамы, якая б спецыялізавалася на продажы сувеніраў з гісторыяй, у Беларусі няма, – заяўляе аўтар праекта.

Сёння яна ўдзячна гораду і бізнесменам, якія дапамаглі «Тэрыторыі людзей». Зараз для Алесі Цумаравай прывесці яе праект да поспеху – гэта справа гонару. У яе паверылі іншыя людзі з інваліднасцю. Яна упэўнена, што калі падвядзе іх, то верыць яны наогул нікому не будуць:

Я з дзяцінства імкнуся да нечага большага. У савецкі час інваліды павінны былі вучыцца ў закрытых установах, але мае бацькі змаглі настаяць, каб я вучылася ў агульнаадукацыйнай школе. Я яе нядрэнна скончыла. Потым быў тэхнікум і інстытут, прайшла кучу курсаў. Прыйшоў час дзяліцца тым, што ведаеш.

«Тэрыторыя людзей» павінна стаць дадатковым матыватарам для людзей з інваліднасцю. Алеся наракае, што кожны год перад  Днём людзей з інваліднасцю (3 снежня) рэзка пачынаецца бурная дзейнасць – спартыўныя мерапрыемствы, бясплатныя паходы ў кіно, выставы рамеснікаў з інваліднасцю. А потым на працягу года цішыня. Яна хоча выправіць гэта:

Людзі з інваліднасцю імкнуцца зрабіць сувеніры да 3 снежня. Таму што будзе выстава, і калі сувенір стане лепшым, то будзе нейкі прыз. Вядома, гэта матывацыя. Але навошта потым чалавеку нешта рабіць, калі гэта нікому не трэба. На «Тэрыторыі людзей» ён будзе запатрабаваны заўсёды.

«Тэрыторыя людзей» адкрыецца 30 жніўня а 12:00. Але перад гэтым трэба правесці шмат працы – прыбраць будаўнічае смецце і адцерці ад яго падлогу ў памяшканні. Вы можаце дапамагчы, дастаткова звязацца з самай Алесяй. Зрабіць гэта можна в Укантакце, праз электронную пошту 222mogilev@gmail.com, альбо па тэлефоне +375 29 509 11 91.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *