Гарвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі 12 людзям. 8 з іх – партыйныя


ВЫБАРЫ-2018 / Thursday, January 18th, 2018

За месяц да выбараў Магілёў даведаўся імёны кандыдатаў у дэпутаты гарсавета.

18 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


17 студзеня гарадская выбарчая камісія зарэгістравала 132 кандыдата з 40 акругаў. Пераважная частка вылучэнцаў прадстаўляюць бюджэтную сферу і працуюць у дзяржаўных органах.

Яшчэ 12 чалавек так і не ўбачаць кандыдацкія коркі – роўна ў паловы з іх няправільна запоўненая інфармацыя пра сплочаныя падаткі, у траіх выявілі праблемы з подпісамі, двое высунуліся не ад той арганізацыі, а адзін увогуле забыўся пазначыць непагашаную судзімасць.

Больш за ўсіх не згодны з адмовай у рэгістрацыі першы намеснік БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, подпісы за якога прызналі несапраўднымі з-за таго, што яны былі сабраныя не ў той акрузе.

З-за няправільнага апісання межаў акругі былі ўключаныя лішнія дамы. Я тэлефанаваў па гэтым пытанні ў ЦВК і яны параілі звярнуцца ў гарвыканкам і абласную выбарчую камісію са скаргамі. Так што яшчэ пазмагаемся, – пракаментаваў Барысаў вынікі рэгістрацыі.

Усяго з незарэгістраваных кандыдатамі восем чалавек адносяцца да палітычных партыяў. Акрамя Ігара Барысава, БСДП (Грамаду) прадстаўляла таксама Наталля Шкадун. Ёй адмовілі ў рэгістрацыі, паколькі яна была вылучана абласной арганізацыяй партыі, а не гарадской. Па гэтай жа прычыне ў спіс кандыдатаў не трапіў Васіль Бяляй, які йшоў ад партыі левых «Справядлівы свет».

Яшчэ пяць незарэгістраваных вылучэнцаў ішлі ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Адзіным незарэгістраваным вылучэнцам, які прадстаўляў дзяржаўную структуру, стала дырэктар прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» у Магілёве Алеся Хазеева, у якой знайшлі неадпаведнасці ў падатковай дэкларацыі.

Поўны спіс зарэгістраваных кандыдатаў можна паглядзець, калі націсніце на галавую Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай (незарэгістраваныя пазначаны чырвоным):

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *