Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька ў Магілёве: «Да мясцовых выбараў спатрэбіцца адзіны кулак»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў разам з лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыехалі паслухаць праблемы магілёўцаў.

3 снежня. Магілёў. Офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ігар Лазоўскі


Ганна Канопацкая і Анатоль Лябедзька 3 снежня прысвяцілі некалькі гадзін сустрэчам з прадпрымальнікамі на Віленскім і Грабянёўскі рынках. Потым яны правялі двухгадзінную сустрэчу з магілёўцамі на мясцовым офісе партыі. Паслухаць палітыкаў прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

Першым з просьбай да Канопацкой звярнуўся пенсіянер Уладзімір Якаўлевіч. Ён паскардзіўся на тое, што сілавыя структуры ў Беларусі маюць занадта вялікія паўнамоцтвы, што праяўляецца, напрыклад, падчас «аператыўных эксперыментаў».

– Міліцыя з дапамогай аператыўных эксперыментаў можа падкінуць, падкласці і аформіць злачынства, як ім зручна. Паняцце аператыўнага эксперыменту неабходна выключыць з беларускага заканадаўства.

Канапацкая пагадзілася з пажылым мужчынам, адзначыўшы, што ў Беларусі зашмат структур, якія могуць весці вышуковую дзейнасць. Паводле яе слоў, памяншэнне дзяржапарату ў цэлым – адзін з кірункаў яе дзейнасці:

– Багатая, паспяховая Вялікабрытанія мае 9 міністэрстваў і ведамстваў. Вы ведаеце, колькі ў нашай маленькай Беларусі? Больш за дваццаць. Такая армія чыноўнікаў каштуе вялікіх грошай для нашай і так небагатай краіны.

Шмат пытанняў было аб магчымым павелічэнні тэрміну знаходжання прэзідэнта ва ўладзе. Нягледзячы на перапалох у асяроддзі беларускай апазіцыі, Ганна Канапацкая пакуль не спяшаецца бачыць у гэтым рэальную пагрозу.

– Чалавек знаходзіцца ва ўладзе і так ужо больш за 20 гадоў. Ініцыятыва па прадаўжэнню тэрмінаў прэзідэнцтва наўрад ці можа значна паўплываць на штосьці у краіне, дзе няма свабодных выбараў. Толькі пры ўмове свабодных дэмакратычных выбараў можна нешта памяняць. Не бяруся судзіць, чаму ліберальна-дэмакратычная партыя вырашыла агучыць такую прапанову. Аднак я ведаю, што галасаваць я буду супраць.

img_3723

Падтрымаць Ганну вырашыў лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

– Шмат хто казаў, што нам трэба адмовіцца ад мандата. Аднак узнікае сітуацыя, калі трэба процідзейнічаць неканстытуцыйным закону. І калі б не было гэтага мандату, мы павінны былі б сабраць тысячы подпісаў, прайсці некалькі інстанцый. З дэпутатам ад апазіцыі ў парламенце абараняць людзей прасцей. Я казаў гэта шмат разоў і паўтару яшчэ. Мы не разглядаем мандат Ганны, як яе уласны. Для нас гэта магчымасць для Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ўсёй правацэнтрысцкай кааліцыі дапамагаць людзям вырашаць тыя праблемы, якія існуюць у Беларусі, – заявіў Анатоль Лябедзька.

Лідэр АГП заклікаў усіх актыўна ўдзельнічаць у палітыцы і вылучацца на будучых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

– Я думаю, што з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне ўлада будзе вымушаная яшчэ больш гуляць у лібералізацыю. Таму я чакаю, што ў мясцовыя Саветы атрымаецца патрапіць і непраўладным кандыдатам. Калі мы сёння размаўлялі з прадпрымальнікамі на рынку, мы прама ім сказалі, што гатовыя падтрымаць актыўных людзей з іх ліку, калі толькі яны набяруцца смеласці выступіць. Дапамога каманды, вопыт збору подпісаў і агітацыі – у нас ёсць, чым дапамагчы людзям. Але для гэтага трэба працаваць ужо зараз і максімальна аб’ядноўвацца, каб да выбараў быў адзіны кулак. Правацэнтрысцкая кааліцыя і АГП у прыватнасці гатовыя супрацоўнічаць з тымі, хто хоча гэтага, – сказаў Лябедзька.

img_3755

Ганна Канапацкая, у сваю чаргу, заклікала звяртацца да яе са сваімі праблемамі, але не забывацца на сваіх дэпутатаў:

– Калі ёсць нейкая праблема, то лепш вырашаць яе разам. Збірайце подпісы, кладзіце на паперу, адпраўляйце мне і свайму дэпутату. Мне так будзе прасцей з ім размаўляць, я змагу сказаць, што да мяне звяртаюцца твае людзі,  што іх шмат, што ёсць такая праблема, а потым запытаць, што ён будзе з ёй рабіць. І адказ я буду атрымліваць. Мала хто ведае, але ў беларусаў ёсць права адклікаць дэпутата, калі ён прадстаўляе інтарэсы акругі не так, як хочуць яго выбаршчыкі. Пра гэта павінны ведаць людзі і памятаць самі дэпутаты.

Лябедзька і Канапацкая запэўнілі, што праца ў рэгіёнах працягнецца. Таксама дэпутат заявіла, што яна чакае ўсе прапановы на электронны адрас, які пазначаны на яе старонцы на сайце Палаты прадстаўнікоў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў