У Чэрыкаве міліцыя прыняла каву і цыгарэты для вязьня. Да арыштанта яны не дайшлі


ПРАВААБАРОНА / Monday, November 19th, 2018

Муж Анжалікі Калатазішвілі паскардзіўся, што перадачу ён не атрымліваў.

19 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


Улетку гэтага года мужа Анжалікі Калатазішвілі, грамадзяніна Грузіі Кахабера, арыштавалі па абвінавачанню ў распаўсюдзе наркотыкаў. Паколькі Анжаліке не давалі сустрэцца з мужам, у верасні яна аб’явіла галадоўку ля сцен магілёўскай турмы №2, дзе ўтрымлівалі Кахабера Калатазішвілі.Свайго яна дамаглася – ёй далі пабачыцца з мужам.

У кастрычніку над мужчынам пачаўся судовы працэс. Па словах Анжалікі, якая жыве ў Слаўгарадзе, 3 лістапада яна паехала ў Чэрыкаў, дзе Кахабера трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання. Яна завезла блок цыгарэт і пачак кавы:

– Передачу прынялі ў «дзяжурцы» мясцовага РАУС. Ніякіх паперак мне не выдалі. Я перапытала ў міліцыянтаў, калі аддадуць. Яны сказалі, што хвілін праз пяць-дзесяць. У выніку на мінулым тыдні атрымала ліст ад Кахабера з магілёўскага СІЗА. Ён крыху пакрыўдзіўся, што я не перадала яму цыгарэты і каву. Як нізка трэба пасці, каб прысвоіць цыгарэты і пачак кавы! – распавяла Калатазішвілі аб тым, што здарылася.

Як патлумачыла жанчына, паколькі суд над яе мужам адклалі на тры тыдні, яго не сталі трымаць у ІЧУ Чэрыкаўскага РАУС і адправілі ў магілёўскую турму. Каб высветліць, куды знік блок цыгарэт і банка кавы, Анжаліка напісала заяву начальніку райаддзела Аляксандру Шункевічу. Таксама Калатазішвілі звярнулася па электроннай форме ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў.

Можа, прапанаваць чэрыкаўскім міліцыянтам пералічваць трохі грошай са сваёй пенсіі, раз так мала атрымліваюць, што абкрадаюць зняволеных? – абураецца жанчына, якая мае I групу інваліднасці.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *