Адна з першых рэчаў, якую трэба зрабіць у 2018-м, – паглядзець наш GIF-рэпартаж аб утварэнні ўчастковых выбаркамаў

У 155 участковых камісіях няма ніводнага чалавека, якому б не падабаўся партрэт прэзідэнта ў кабінетах.

4 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Пакуль усе людзі пілі, елі і запускалі петарды ў надыходзячы 2018 год, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і не думалі прыпыняць свой марудлівы бег. 3 студзеня ў яшчэ не адыйшоўшага ад Новага года Магілёве сфармавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК) – 87 у Ленінскім раёне і 68 у Кастрычніцкім.

 

Значныя надзеі на УВК ускладала Аб’яднаная грамадзянская партыя. Яна хацела высадзіць дэсант з 15 чалавек. Таксама на ўключэнне прэтэндавалі сябры грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”.

 

Але ўсё прайшло, як заўсёды. Ніводнага чалавека ад апазіцыйных партый у склад камісій не ўключылі. Усе 155 УВК – ідэалагічна аднастайныя, як бульбяное пюрэ.

 

Па словах назіральнікаў Барыса Бухеля і Уладзіміра Краўчанка, камісіі фармаваліся па вытворчаму прынцыпу. То бок усе адабраныя сябры УВК працуюць на адным і тым жа прадпрыемстве або установе.

 

Затое вылучаюцца па-рознаму – хтосьці ад БРСМ, хтосьці – ад арганізацыі ветэранаў, хтосьці – ад працоўных калектываў.

 

На 15 месцаў у кожнай камісіі і часцей за ўсё прэтэндавала роўна 15 чалавек – як быццам бы адмыслова. Кіраўніцтвы адміністрацый, якія фармавалі УВК, галасавалі ў такім выпадку адразу за ўвесь спіс прапанаваных «кандыдатаў у выбаркам».

 

Калі была нейкая альтэрнатыва – напрыклад, на 15 месцаў прэтэндавала 18 чалавек – галасавалі па кожным чалавеку асобна. І вось сюрпрыз, ніводны прадстаўнік апазіцыі чыноўнікаў не задаволіў.

 

Працоўная група, якая адбірала людзей, каб прапанаваць іх ва УВК, арыентавалася на працоўныя і палітычныя якасці прэтэндэнтаў.

 

Дайшло да таго, што ў адну з участковых камісій у Ленінскім раёне (№66) прэтэндавалі 12 чалавек (пры максімуме ў 15). Ва УВК увайшло толькі дзевяць, а ў тройцы, якой адмовілі, апынуліся сябры АГП і БНФ.

 

Ну нічога, затое хутка – Каляды.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў