Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE працягвае тэставаць сацыяльныя сэрвісы, створаныя пры падтрымцы міжнародных арганізацый.

7 жніўня. Магілёў. Саша Мінько


Мы спрабуем разабрацца, сапраўды гэта карысныя паслугі, альбо паказуха. На гэты раз нашу ўвагу прыцягнулі шматлікія бігборды “Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам – Магілёў”.

Рэкламу даюць стваральнікі рэсурсу Detivgorode.by. Аказваецца, гэтай ініцыятыве ўжо адзінаццаць гадоў, і ў ёй бяруць удзел 25 беларускіх гарадоў. Па версіі яе аўтараў, Магілёў, як адзін з актыўных удзельнікаў гэтага праекта, паляпшае жыццё сваіх дзяцей ужо зараз, прызнаючы і рэалізуючы іх правы.

На плакаце бачныя катэгорыі «Інклюзіўны адукацыя», «Маладзёжны парламент», «Цэнтр ранняга ўмяшальніцтва», «Цэнтр, дружалюбны падлеткам». Усё гэта ёсць у Магілёве. Праўда, на паверку аказалася, што палова гэтых паслуг – банальныя кабінеты пры паліклініцы.

Як лічыць прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (UNICEF), горад, дружалюбны дзецям і падлеткам, – гэта сучасны горад, у якім улады слухаюць і чуюць тое, што кажуць дзеці і падлеткі, і гарантуюць правы маладых грамадзян. Дакладней, гэта тое, што павінна быць, калі арыентавацца на развітыя краіны. Бо ініцыятыва гэтая глабальная.

Сутнасць яе ў тым, што ў 2020 годзе 56% насельніцтва зямнога шара будзе пражываць у гарадах. Улічваючы той факт, што доля дзяцей ва ўсім насельніцтве складае ад больш за 20% у развітых краінах да больш за 40% у краінах, якія развіваюцца, ААН трымае пытанні становішча дзяцей пад адмысловым кантролем.

На жаль, беларускай версіі ў сайта Глабальнай ініцыятывы няма. У рускамоўным варыянце нам удалося адшукаць апублікаваную справаздачу Магілёўскага гарвыканкама пад назвай “Даклад аб становішчы дзяцей у горадзе Магілёве” за 2017 год.

Аказваецца, Глабальная ініцыятыва “Горад, дружалюбны дзецям” рэалізуецца Магілёвам толькі з лістапада 2013 года, і ён апынуўся толькі двадцаць другім горадам, які далучыўся да яе. Праца па ацэнцы становішча дзяцей у горадзе была праведзена ў 2016-2017 гадах.

Па задумцы ААН, горад, дружалюбны дзецям і падлеткам, – гэта такая канцэпцыя мясцовага дзяржаўнага кіравання, у якой гарадскія ўлады рэалізуюць асноўныя палажэнні Канвенцыі аб правах дзіцяці на ўзроўні горада і яго раёнаў, слухаюць і чуюць тое, што кажуць дзеці, і гарантуюць правы маладых грамадзян. Сярод спісу правоў звернем увагу на два, якія, як здаецца, не выконваюцца: аказваць уплыў на прыняцце рашэнняў, якія тычацца жыцця дзяцей і жыць у горадзе з незабруджанымі навакольным асяроддзем.

Адным з галоўных дасягненняў гарвыканкам лічыць стварэнне ў 2014 годзе Моладзевага парламента. Але ў дакладзе адзначана, што створаны ён пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў. Улічваючы паўнамоцтвы цяперашніх дэпутатаў (а дакладней, іх поўную адсутнасць), акрамя ўсмешкі такая ініцыятыва нічога выклікаць не можа.

Відавочна, гэта бутафорская форма нібыта ўдзелу дзяцей і моладзі ў прыняцці рашэнняў, значных для іх жыццядзейнасці на ўзроўні горада. У краіне, дзе выбары не прызнаюцца АБСЕ сумленнымі і справядлівымі з 1996 года, нормы і правілы ААН відавочна прабуксоўваюць.

У афіцыйным дакладзе, напісаным ў лепшых традыцыях савецкіх парткамаў, названы асноўныя справы сябраў Моладзевага парламента: правядзенне круглых сталоў, форумаў, дэбатаў па грамадска значных пытаннях; удзел у арганізацыі і правядзенні гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў і гэтак далей. Гэта значыць, роўна ўсё тое ж, чым займалася моладзь пад кантролем аддзела адукацыі апошнія гадоў трыццаць.

Асобным блокам, вядома ж, былі пералічаныя валанцёрскія акцыі накшталт «Дапаможам птушыным сябрам» і «Чысты двор, клас». Раней школьнікі проста кармілі птушак і мялі двор, а цяпер яны гэта робяць пад эгідай ААН.

Што ж тычыцца права дзяцей і моладзі жыць у горадзе з незабруджанымі навакольным асяроддзем, то проста параім пачытаць наш нядаўні матэрыял аб прадпрыемстве «Магілёў Омск Карбон».

Актывісты даведаліся вельмі дзіўныя факты пра «Омск Карбон» і свабодную эканамічную зону

Колькасць сацыяльнай рэкламы, выкупленай з дапамогай міжнародных арганізацый ўражвае. Можа нават скласціся ўражанне, што ў Магілёве ёсць толькі два глабальных гульца – мабільныя аператары і ААН. Вось, напрыклад, побач з Detivgorode.by, зноў жа пры падтрымцы ЮНІСЕФ, звычайныя беларускія пажарныя папярэджваюць, што «Дзеці не шукаюць небяспеку, яны проста гуляюць». МНС дзякуе клапатлівых бацькоў пры падтрымцы дзіцячага фонду ААН.

А вось ужо абсалютна нікому нічога не гаворачая рэклама «Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі дасягнем разам». Скажам шчыра, магілёўцы не ў курсе планаў ААН да 2030 года, якія змяшчаюць 17 глабальных мэтаў і 169 адпаведных задач. Так што мала хто ў гэтым горадзе будзе дасягаць мэты ўстойлівага развіцця нават у адзіночку.

Да ведама:

Ініцыятыва «Гарады, дружалюбныя дзецям» зарадзілася ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў і была афіцыйна аб’яўлена ў 1996 годзе на канферэнцыі ў Стамбуле ў адказ на рэзалюцыю Другой канферэнцыі ААН па населеных пунктах (Хабітат II), у якой гаварылася, што дабрабыт дзяцей з’яўляецца ключавым паказчыкам дабрабыту грамадства. З 2010 года рэсурсна-метадычную падтрымку гарадам, дружалюбным дзецям, стала ажыццяўляць штаб-кватэра ЮНІСЕФ у Нью-Ёрку.