Замест палітычнай актыўнасці будзе актыўнасць спартыўная.

25 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Палітык Уладзімір Шанцаў, адзін з арганізатараў пікету за перанос завода «Омск Карбон Магілёў» ў Шклоўскі раён, паведаміў, што ўлады адмовіліся даваць дазвол на правядзенне мерапрыемства.

Магілёўскія палітыкі падалі паведамленне на пікет з патрабаваннем перанесці «Омск Карбон» у родную вёску прэзідэнта

17 красавіка ён разам з лідэрам хрысціянскіх дэмакратаў Алегам Аксёнавым падаў паведамленне аб масавым мерапрыемстве ў Магілёўскі гарвыканкам. Паводле задумы арганізатараў, пікет мусіў адбыцца 1 траўня ў 12 гадзін дня ў адзіным дазволеным месцы для мірных сходаў – на стадыёне па вул. Чалюскінцаў. Шанцаў і Аксёнаў былі гатовыя аплаціць паслугі міліцыі, «хуткай» і камунальнікаў за абслугоўванне мерапрыемства.

Заяўленая мэта пікету – патрабаванне пераносу прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў вёску Александрыя, якую прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка называе сваёй малой радзімай.

Магілёўскія ўлады ў адказ на паведамленне Шанцава і Аксёнава заявілі, што пікет не адбудзецца, паколькі ў гэты ж час, з 12:00 да 15:30, на стадыёне будзе праводзіцца футбольны турнір.

– Але калі падчас нашага пікету футбол – перанясіце нам час пікету, дайце іншае месца. Маса варыянтаў для гарвыканкама! Але не, у іх толькі адзін варыянт – нельга, – пракаментаваў адказ чыноўнікаў Шанцаў.

Пры гэтым якой-небудзь інфармацыі аб правядзенні футбольнага турніру няма – у праграме мерапрыемстваў на 1 траўня стадыён па вуліцы Чалюскінцаў нават не згадваецца.