Магілёў не паспяваюць падрыхтаваць да прыезду Лукашэнкі і Пуціна? Улады абвясцілі месяц суботнікаў


СОЦЫУМ / Tuesday, August 21st, 2018

Гарвыканкам абвясціў месячнік па навядзенню парадку: з 20 жніўня па 19 верасня пройдзе чатыры суботнікі запар.

21 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – Уладзімір Цумараў/ Павал Савельеў, “Веснік Магілёва”


Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў падчас нарады з падначаленымі заявіў аб правядзенні адразу чатырох суботнікаў на працягу месяца.

На думку кіраўніка горада, традыцыйнага агульнагарадскога суботніка ў гэты раз Магілёву не хопіць.Цумараў не хавае, што бясплатная праца грамадзян на добраўпарадкаванні аб’ектаў выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Не сакрэт, што мы гэта робім у тым ліку ў межах падрыхтоўкі да Форуму, але перш за ўсё мы гэта робім для саміх сябе, каб зрабіць горад больш камфортным і прывабным для гасцей і турыстаў, – перадае словы Уладзіміра Цумарава БелТА.

Сярод пляцовак, дзе будуць працаваць магілёўцы – парк у Падміколлі і вуліца Якубоўскага. Абодва пункта з’яўляюцца важнымі для магілёўскіх уладаў: менавіта іх два гады таму раскрытыкаваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў навесці «глянец і гармонію».

Варта адзначыць, што чатыры суботніка за месяц – гэта гарадскі рэкорд. Раней праводзілі не больш за два. Верагодна, што, нягледзячы на вялікія намаганні, выдаткаваныя на падрыхтоўку горада да Форуму рэгіёнаў, улады не паспяваюць прывесці яго ў парадак, асабліва – візуальна.

Беларускія праваабаронцы выступаюць супраць суботнікаў, успрымаючы іх як акты прымусовай працы.

V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве 11-12 кастрычніка. Чакаецца, што на яго прыедуць прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *