Магілёўскага смяротніка хутка расстраляюць?


ПРАВААБАРОНА / Thursday, July 26th, 2018

Маці Ігара Гершанкова распавяла, што ў менскім СІЗА №1, дзе знаходзіцца яе сын, ходзяць чуткі, быццам яго ўжо забілі.

26 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Пакуль Ігар Гершанкоў жывы. Яго маці Людміла была ў яго на спатканні 25 ліпеня. Па яе словах, выглядае ён жудасна:

– Ігар месяц ужо трымае галадоўку. Схуднеў на 18 кілаграм, кашчавы, худы, выглядае як вязень канцлагера. Не магла на яго глядзець,- плача жанчына.

Яна прывезла яму перадачу з прадуктамі, аднак сын загадаў забраць усё назад, інакш яго галадоўка не будзе мець сэнсу. Каб падтрымліваць яго жыццё, яму ставяць кропельніцы. Аднак што менавіта трапляе ў арганізм Гершанкова – невядома.

– Падчас спаткання гэта быў нiбы не мой сын, ён быццам пад наркотыкамі. Погляд нежывой, ледзьве варушыць языком. Ён сказаў, што яму ставяць белую і жоўтую вадкасць,але што гэта за яны, я так ні ў каго не даведалася, – распавяла Людміла.

Прысуджаны да смерці магілёвец абвясціў пра галадоўку

Акрамя гэтага, сцвярджае яна, змяніліся і ўмовы ў СІЗА №1. Звязвае жанчына гэта з новым начальникм – Андрэем Цэдрыкам:

Пры старым усё было ў парадку. З новым начальствам не даходзяць лісты, сын чагосьці баіцца. Ён распавёў, што перад сустрэчай са мной яму рэкамендавалі не гаварыць нічога лішняга. Інакш гэта будзе нашай апошняй сустрэчай, а яго перавядуць у карцэр, – абураецца Гершанкова.

Яна баіцца, што з Ігарам вось-вось здарыцца страшнае. Па СІЗА ўжо ходзяць чуткі, быццам яе сына расстралялі:

– Я сама чула, баялася вельмі. Не разумею, навошта камусьці запускаць такія размовы, але яны ёсць. Не хачу думаць, з чым яны звязаныя.

Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова   і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.

Камітэт па правах чалавека ААН прадпісаў Беларусі прыпыніць выкананне прысуду смяротнікам Гершанкову і Беражному, пакуль не вынесе сваё рашэнне.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *