Несправядліва: некаторыя магілёўскія вылучэнцы ў дэпутаты маюць больш магчымасцяў


ВЫБАРЫ-2018 / Tuesday, January 9th, 2018

Як можна ціхенька засвяціцца ў СМІ да таго, як пачнецца афіцыйны этап агітацыі.

9 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Што здарылася? Пачынаючы з восені ў Беларусі ідуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання. 8 студзеня скончыўся этап вылучэння грамадзянаў у кандыдаты. Пасля таго, як удзельнікі выбарчай гонкі пройдуць рэгістрацыю, у іх з’явіцца права на перадвыбарчую агітацыю. Некаторыя, аднак, пачалі мільгаць у СМІ значна раней.

12 снежня газета «Магілёўскія ведамасці» (№94) апублікавала вялікае інтэрвью са старшынёй камітэта эканомікі аблвыканкама Русланам Страхарам. Нагодай для артыкула на ўсю шостую паласу стала канферэнцыя, прысвечаная ўзаемадзеянню навукі, прамысловасці і бізнэсу. Пра саму канферэнцыю, зрэшты, было сказана мала. Больш месца заняло апісанне выгод, якія абяцаюць кааперацыі і сумесныя прадпрыемствы ў Магілёўскім рэгіёне.

20 снежня газета “Веснік Магілёва” (№51) надрукавала вынікі “прамой лініі” з начальнікам МДКУП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў» Андрэем Кібловым. Як і ў прыкладзе вышэй, тэкст заняў цэлую паласу, на якой змясцілася 7 пытанняў гараджан і столькі ж адказаў.

Што аб’ядноўвае начальніка камунальнікаў горада і галоўнага эканаміста вобласці?

Абодва ідуць у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ініцыятыўная група Андрэя Кіблова была зарэгістраваная 15 снежня ў гарадской выбарчай камісіі (ідзе па Машынабудаўнічай акрузе №8) – за пяць дзён да з’яўлення матэрыялу ў «Весніку Магілёва».

“Прамая лінія” з Андрэем Кібловым

Руслан Страхар збіраецца стаць дэпутатам у абласным Савеце – па Касцюковіцкай акрузе №22.

З’яўленне чыноўнікаў на старонках гарадскога «Весніка» і абласных «Ведамасцяў» здаецца звычайным. У рэшце рэшт, гэтыя газеты з’яўляюцца афіцыйнымі друкаванымі органамі гарвыканкама і аблвыканкама адпаведна і ім наўпрост падпарадкоўваюцца. Аднак калі разглядаць Кіблова і Страхара менавіта як кандыдатаў, то становіцца відавочным несправядлівая сістэма доступу да СМІ.

У тэкстах ніхто не просіць галасаваць за таго ці іншага. Больш за тое, тэма выбараў нават не праслізгвае ў матэрыялах. Аднак ёсць іншы фактар – пазнавальнасць.

Інтэрв’ю з Русланам Страхарам вельмі цяжка ўспрымаць. Там шмат лічбаў, паняццяў і складаных канструкцый, ад якіх ужо праз дзесяць секунд баляць вочы. Але там ёсць яго фатаграфія і прозвішча. Улічваючы давер пэўнай часткі насельніцтва да газет, электарат можа вылучыць Руслана Страхара на фоне астатніх. Сам факт з’яўлення ў газеце для кандыдата, відавочна, адбіваецца добра.

Інтэрв’ю з Русланам Страхарам

Умоўны Іван Іваноў, які працуе, скажам, таксістам і хоча вырашыць праблему дрэнных дарог праз гарсавет, адназначна мае менш доступу да мясцовых выданняў, чым чыноўнікі, якіх газеты могуць выкарыстоўваць як экспертаў. Больш за тое, калі б раптам у “Весніку” з’явілася інтэрв’ю на цэлую паласу пра тое, як добра працаваць таксістам у Магілёве, выбарчая камісія яўна звярнула б на гэта ўвагу.

«Веснік Магілёва» каштаваў чытачоў такім падыходам і раней. На парламенцкіх выбарах 2016 года задаўга да этапу агітацыі намесніца старшыні абласной арганізацыі прафсаюзаў Вольга Петрашова заслужыла рэпартаж у свой гонар, а галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Старавойтаў – інтэрв’ю. Як думаеце, яны сталі дэпутатамі?

Артыкул 45 Выбарчага кодэкса РБ кажа, што «Кандыдаты .. у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, з часу рэгiстрацыi кандыдатаў на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі».

Нагадаем, што рэгістрацыя пачалася толькі пасля 8 студзеня і прадоўжыцца яна да 18 студзеня.

Побач з намі кіроўца таксі Іван Іваноў і два чыноўнікі. Афіцыйна агітацыя пачнецца толькі пасля 18 студзеня. Аднак хтосьці ўжо распавёў нам аб кааперацыі і жыллёвай палітыцы, а вось жыццё таксоўца – не.

Праблема можа здацца штучнай. Але запытаем сябе. Ці адзіны Кіблоў спецыяліст у сферы жыллёвай палітыкі? Не.

Можа , ніхто, акрамя Страхара, не можа распавесці аб кааперацыі навукі, прамысловасці і бізнэсу? Тады навошта нам увесь камітэт эканомікі аблвыканкама, калі ніхто не можа параўнацца ў кампетэнтнасці з начальнікам?

Замяніць чыноўнікаў на іншых экспертаў можна і трэба было. Але зроблена гэтага не было.

З такіх недахопаў вырастаюць беларускія выбары. Ну, або іх адсутнасць.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *