Пасля падзей 5 траўня на Віцебскім праспекце ўсім удзельнікам акцыі пратэсту далі арышты.

8 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


8 мая ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва асудзілі адразу некалькіх чалавек з-за інцыдэнту, які здарыўся пасля прыезду каманды блогераў апазіцыйнага Youtube-канала «Краіна для жыцця».

Нагадаем, тады супрацоўнікі ДАІ, АМАП і патрульна-паставой службы па надуманых прычынах затрымалі два аўто, на якіх перамяшчаліся блогеры. Сярод іх – Арцём Сакаў, Уладзімір Няронскі і Аляксандр Арановіч. Уладзімір Няронскі запусціў стрым, у якім заклікаў магілёўцаў прыехаць на Віцебскі праспект і падтрымаць ютубераў.

 

У выніку міліцыя справакавала масавую акцыю пратэсту – на дапамогу да затрыманых прыбыло больш за сотню чалавек.

Калі міліцыя зрабіла спробу затрымаць аднаго з блогераў, натоўп атачыў чалавека колам і фізічна не даў гэтага зрабіць. Міліцыі прыйшлося сысці пад крыкі «Ганьба».

Власть обозлилась: задержали участников акции, на которой унизили милицию на Витебском проспекте в Могилеве

Аднак помста ўладаў рушыла ўслед неадкладна. 7 траўня з’явілася інфармацыя аб затрыманні Сакава, Няронскага і Арановіча – іх затрымалі каля пасёлка Дружны і адправілі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Акрамя іх, міліцыя затрымала магілёўцаў Вячаслава Зайцава і Сцяпана Лазаронка, якія таксама прысутнічалі на Віцебскім праспекце 5 траўня падчас канфлікту з супрацоўнікамі МУС.

8 траўня кожнаму з іх далі адміністрацыйны арышт.

Больш за ўсіх атрымаў Уладзімір Няронскі – ён мадэраваў акцыю пратэсту і вёў стрым. Яму прызначылі 10 сутак.

Аляксандр Арановіч атрымаў 6 сутак арышту.

Па 5 сутак будуць адбываць Сцяпан Лазаронак і Арцём Сакаў.

Менш за ўсё атрымаў Вячаслаў Зайцаў2 сутак.

БЕСПРЭЦЭДЭНТНЫ ЗДЗЕК НАД АРШЫНСКІМ

Блогера Міхаіла Аршынскага затрымалі ў двары 7 траўня, калі ён выйшаў у горад па справах. Захоп блогера ажыццяўляла адразу некалькі супрацоўнікаў АМАПу.

У райаддзеле міліцыі Аршынскаму ўдалося пераканаць намесніка начальніка РАУС Аляксандра Пушына патэлефанаваць праваабаронцы Сашы Райкану і паведаміць аб затрыманні.

Милиция задержала главного стримера Могилева Михаила Аршинского: он освещал акции протеста против властей

8 траўня журналісты і праваабаронцы дзяжурылі каля судоў, у тым ліку, каб патрапіць на працэс да Міхаіла, паседжанне па якому не адзначылі ў раскладзе.

У суд Аршынскага прывезлі да 15:30. На працэсе блогер заявіў хадайніцтва аб пошуку адваката, суддзя Ратнікава задаволіла яго. Суд быў прызначаны на 12 траўня. Міхаіла адпусцілі, каб ён мог знайсці сабе абаронцу, але потым наўпрост у будынку суда Ленінскага раёна зноў затрымалі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Паводле звестак праваабаронцаў, у дачыненні да Аршынскага маглі пачаць другі адміністрацыйны працэс.

Юрыст «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель адзначыў, што такім чынам Аршынскага пазбавілі магчымасці знайсці сабе абаронцу на 12 траўня.

МІЛІЦЫЯ ПРЫБІРАЕ МАГІЛЁЎЦАЎ ПА АДНЫМ

8 траўня па горадзе пракацілася хваля новых затрыманняў з-за падзей 5-6 мая. Мужчын і жанчын вылоўлівалі па месцы іх жыхарства ці працы і потым дастаўлялі ў райаддзелы.

Рэпрэсіі закранулі нават шматдзетныя сем’і. Кацярына Таланкова паведаміла, што да яе і яе мужа ў кватэру прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і патрабавалі, каб Таланковы праехалі з імі ў РАУС. Ніякіх позваў пры гэтым ніхто даваць не збіраўся.

У сям’і выхоўваецца адразу трое маленькіх дзяцей, але супрацоўнікаў МУС, відавочна, гэта не турбуе. Добра, што Таланковым атрымалася часова адбіцца.

Таксама супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС шукаюць Андрэя Бадунова. Раніцай 8 траўня яны паведамілі жонцы, што ў дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пакуль інфармацыі пра яго затрыманне не паступала.

Актывіст Станіслаў Паўлінковіч каля шасці вечара паспеў паведаміць праваабаронцам, што яго затрымлівае міліцыя прама на працоўным месцы. Нічога іншага яму сказаць ужо не далі.

Сярод затрыманых – магілёўцы Барыс Огнеў і Мікіта Ігнашын.

Апошняму на дадзены момант ўсяго толькі 18 гадоў. Ён з’яўляецца грамадзянінам Расійскай Федэрацыі і таксама прысутнічаў на Віцебскім праспекце. Па стане на 19 гадзін вечара 8 траўня Ігнашын знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС. Як распавяла яго маці, супрацоўнікі міліцыі яму не прадстаўляліся, схапілі і проста запіхнулі ў свой аўто.

Пра тое, што яго шукае ўчастковы, заявіў блогер Алесь Сабалеўскі.

Асобы цынізм улады праявілі да сяброўкі АГП, актывісткі Таццяны Сівачэнкі. 8 траўня – у яе Дзень нараджэння, што не перашкодзіла міліцыі забраць яе з хаты ў аддзел унутраных справаў Кастрычніцкага раёна.

Там на яе склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – сустрэчы блогераў «Краіны для жыцця» з магілёўцамі на паркоўцы побач з ГЦ «Гіпа».

 Да суда яе накіруюць у ізалятар часовага ўтрымання.

Праваабаронца Барыс Бухель асобна звярнуў увагу на дзень затрымання – пятніцу:

Міліцыя паступае хітра і подла. Тыя людзі, на якіх складзены пратаколы, спакойна маглі б адправіцца дадому і прыйсці ў суд па позве. Але іх адправілі або адправяць на суткі ў ІЧУ да суда. А суд будзе толькі ў панядзелак. Гэта значыць людзям давядзецца фактычна трое сутак сядзець пад арыштам нават без прызнання іх віны судом.

НЯНАВІСЦЬ ДА ВЯСНЫ

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» дзяжурылі каля судоў з раніцы 8 траўня, чакаючы судовых працэсаў над рэпрэсаванымі. Разам з імі былі таксама журналісты, валанцёры і сваякі затрыманых.

Калі большая частка людзей пайшла на працэсы, на вуліцы застаўся праваабаронца Аляксандр Буракоў. Раптам да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і форме АМАП і затрымалі. На яго складзены пратакол за нібыта ўдзел у акцыі пратэсту на Віцебскім праспекце, хоць Буракоў у масавым мерапрыемстве не ўдзельнічаў, а толькі сачыў за тым, што адбываецца, як праваабаронца.

Милиция задержала правозащитника «Могилевской весны» Александра Буракова. Подробности

Міліцыя таксама хоча затрымаць журналіста MSPRING.ONLINE, праваабаронцу «Магілёўскай вясны» Сашу Райкана. Пад вокнамі дома, дзе ён знахадзіўся, больш як 10 гадзін дзяжурылі супрацоўнікі АМАП у цывільным, якія ажыццяўлялі захоп Буракова. Райкану удалося выйсці з дома і пазбегнуць затрымання.