Экс-кандыдат у прэзідэнты Кастусёў абскарджвае штраф у 6,3 млн. рублёў

Рыгора Кастусёва прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу на Дзень Волі, аднак, як лічыць палітык, прысуд з’яўляецца незаконным.

23 траўня. Мінск-Магілёў-Шклоў. Ігар Лазоўскі


Суддзя Савецкага суду Наталля Драчова прызнала вінаватым намесніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 5 траўня палітыка прысудзілі штраф у 6,3 млн. рублёў. Ён з гэтым рашэннем не пагадзіўся і падаў касацыйную скаргу ў Мінскі гарадскі суд:

– Мне не паведамілі судовай позвай аб даце, часе і месцы судовага пасяджэння. Ёсць ксеракопія канверта, паштовыя штэмпелі якога сведчаць аб тым, што судовая позва адпраўлена простым, а не заказным лістом толькі 2 траўня, то бок усяго толькі за два дні да судовага пасяджэння. Прыбыў канверт з позвай у Шклоў на паштовае аддзяленне, як пазначана ў паштовым штэмпелі, 4 траўня, а ў маю скрыню патрапіў толькі 5-га.

Акрамя гэтага, Рыгор Кастусёў звяртае ўвагу на тое, што супрацоўнікі міліцыі, якія таксама знаходзіліся на Дне Волі, не прад’яўлялі ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў і арганізатараў сустрэчы:

– У тэксце пастановы суддзі Драчовай няма згадкі пра тое, што супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі нас пра якія-небудзь правапарушэнні пры правядзенні збору ўдзельнікаў дазволенага масавага мерапрыемства і фарміраванні калоны, ці патрабавалі яго спынення, а мы гэта патрабаванне праігнаравалі.

Нарэшце, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў складзены без прысутнасці Кастусёва, што ён таксама адзначыў у скарзе:

– Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены на мяне ў маю адсутнасць незаконна, бо позва УУС аб выкліку мяне для складання пратаколу аформлена неналежным чынам – выпісана не на мяне, а на нейкага Косцерава Р.А.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў