Чаму ў Магілёве не могуць разам адсвяткаваць Дзень Волі?

Чаму 25 сакавіка ў Мінску прайшло адно з самых масавых мерапрыемстваў за апошнія некалькі гадоў, а ў Магілёве – амаль цішыня?

25 сакавіка 1918 года Усебеларускі кангрэс сваёй Трэцяй Устаўной граматай рады абвясціў першую ў гісторыі нацыянальную дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. Для многіх беларусаў гэты дзень стаў першым крокам да незалежнай краіны. Невыпадкова, што пасля развалу СССР суверэнная Беларусь пераняла ў БНР дзяржаўную сімволіку – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоню».

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі 25 сакавіка паступова стала атаясамлівацца з апазіцыйным святам. Штогадовы марш на Дзень Волі ў Мінску стаў адной з нешматлікіх магчымасцяў прадставіць палітычныя лозунгі.

25 сакавіка 2016 года ў Менску прайшла адна з самых масавых акцый за апошнія пяць год. Па падліках арганізатараў, у ёй удзельнічалі ад паўтары да дзвюх тысяч чалавек. Сваё задавальненне паспелі выказаць лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і экс-лідэр «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.

У гэты час у Магілёве самая масавая акцыя да дня абвяшчэння БНР не змагла налічыць нават сто чалавек – палітычныя, грамадскія і культурныя актывісты не змаглі аб’яднацца для агульнага святкавання. Але ці хацелі яны гэтага і ці ёсць у гэтым неабходнасць?

Дзьячкоў

Алег Дзьячкоў

Магілёўскае аддзяленне Таварыства беларускай мовы ім. Ф. Скарыны ледзь не адзінае ў горадзе правяло адкрытае мерапрыемства да Дня Волі – у грамадскім цэнтры «Кола» арганiзатары чакалі ўсіх жадаючых, каб праспяваць беларускія гімны і станцаваць нацыянальныя танцы. Лідэр магілёўскіх ТБМ-аўцаў Алег Дзьячкоў лічыць, што нішто не перашкаджала іншым прыйсці і падтрымаць свята разам з імі:

– Калі мы патэлефанавалі даведацца наконт правядзення мерапрыемства на «Кола», то апынуліся першымі. І, мяркуючы па ўсім, адзінымі. Адкрыта запрашалі ўсіх, хто жадае адзначыць гэтае свята, да нас. Звычайна так і адбываецца – мы нешта ладзім, а да нас ужо далучаюцца астатнія людзі.

Чаму ж у Дзень Волі, калі наша нацыя нарэшце стала дзяржавай, палітыкі, актывісты і грамадскія дзеячы Магілёва не могуць аб’яднацца, каб адсвяткаваць гэта?

– А чаму раптам менавіта ў гэты дзень трэба  раптам аб’ядноўвацца? ТБМ рэгулярна праводзіць мерапрыемствы – беларускія дыктоўкі, сустрэчы з пісьменнікамі, вандроўкі, святкаванні іншых памятных дат, але пры гэтым амаль ніхто з магілёўскіх палітычных лідэраў у гэтым не ўдзельнічае. Чаму не аб’ядноўвацца і ў такіх рэчах? Чаму мы раптам павінны пад кагосьці падладжвацца пры тым, што менавіта мы і праводзім часцей за іншых падобныя акцыі? Мы адкрытыя для ўсіх. Дастаткова проста прыходзіць, – лічыць Алег Дзьячкоў.

На яго думку, раз’яднанасць грамадства паказвае нават акцыя ў Мінску, нягледзячы на ​​тое, што яна стала самай масавай за апошнія гады:

– Колькі прыйшло на яе чалавек. Дзве тысячы? Нават калі крыху больш, няўжо для двухмільённага Мінска гэта шмат?

Шчэтнікава

Валянціна Шчэтнікава

Кіраўнік Магілёўскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ “Адраджэнне” Валянціна Шчэтнікава не бачыць праблем у тым, каб прадстаўнікі іншых грамадскіх і палітычных рухаў далучыліся да святкавання Дня Волі з ТБМ.

– Мы бачылі запрашэнне ТБМ, аднак многім з членаў нашай арганізацыі проста хапіла б часу, каб патрапіць пасля нашага на іх мерапрыемства. Хоць некаторыя ўсё ж такі пайшлі на «Кола».
Галоўную прычыну раз’яднанасці на Дзень Волі Валянціна Шчэтнікава бачыць у адсутнасці аднаго канкрэтнага месца, дзе магчыма было б праводзіць мерапрыемства.

– У свой час мы збіраліся на плошчы каля краязнаўчага музея імя Раманава, потым каля СШ №1. І міліцыя нас ганяла нават. Але ў выніку так і не з’явілася традыцыйнага месца, дзе маглі б сабрацца прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці нашага горада. З «Кола» таксама ёсць праблемы – туды досыць складана дабірацца, асабліва калі чалавек жыве на Задняпроўі. Тым больш калі ідзе рамонт маста праз Днепр, як цяпер. Усё ж такі, калі б з’явілася месца ў цэнтры Магілёва, святкаваць такія даты агульнымі намаганнямі было б прасцей, – лічыць Шчэтнікава.

Збольшага згодны з яе меркаваннем лідэр БСДП (Грамада) па Магілёўскай вобласці Ігар Барысаў.

Барысаў

Ігар Барысаў

– Пытанне агульнага святкавання – гэта, у першую чаргу, пытанне маршруту. У тым жа Мінску ёсць абкатаны варыянт, які выкарыстоўваецца кожны год. У нас, на жаль, няма такой сімвалічнай кропкі, дзе можна было б збірацца ўсім і адзначаць Дзень Волі. Спачатку гэта было каля краязнаўчага музея. Потым, быццам бы, гісторыкі высветлілі, што прадстаўнічы сход з нагоды абвяшчэння БНФ быў у будынку цяперашняй сярэдняй школы №1, але і гэтае месца не стала агульным. Тут трэба шмат кансультавацца з гісторыкамі, – лічыць палітык.

На яго думку, дэмакратычную супольнасць Магілёва цалкам можа рабіць агульныя святкаванні і мерапрыемствы на той жа Дзень Волі. Аднак для гэтага трэба проста раз і назаўжды вызначыць месца, дзе ўсё будзе адбывацца.

– Ездзіць, як прапануюць некаторыя, да крыжа ахвярам палітычных рэпрэсій, які знаходзіцца каля мясакамбіната, мне здаецца глупствам. Усё ж такі гэта сімвал іншага. Я думаю, што да наступнага свята мы зробiм усе, каб зладзіць нешта агульнае. Можа быць, нават я ініцыюю вырашэнне гэтага пытання.

Пры гэтым Ігар Барысаў лічыць, што параўноўваць акцыі ў Магілёве і ў Мінску не зусім карэктна:

– У Мінску жыве больш людзей, у іх ёсць свой маршрут, месца, пэўная традыцыя. Таму пэўную колькасць чалавек збіраецца там на Дзень Волі штогод. У Магілёве іншая сітуацыя. Але ў нас цалкам можна сабраць людзей на агульнае свята.

Чаму ж гэтага не атрымалася ў ТБМ?

– Усё-такі аб’ява ў Інтэрнэце – гэта не тое. У нас шмат паважаных людзей, якія вартыя асобнага запрашэння на падобнае мерапрыемства. Мне здаецца, трэба было заклікаць людзей асабіста – тады б вынік быў бы іншы, – падзяліўся меркаваннем Барысаў.

Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Палітык, намеснік старшыні арганізацыі Партыі БНФ “Адраджэнне” Рыгор Кастусёў быў адным з заяўнікаў маршу на Дзень Волі ў Мінску. Там ён ішоў у адной калоне з прадстаўнікамі іншых палітычных партый і аб’яднанняў. Чаму ж тады не было агульнай калоны ў Магілёве?

– Гэта складанае пытанне. Ведаеце, сапраўды складанае. З аднаго боку, я не магу сказаць, што Дзень Волі прайшоў дрэнна – мы віншавалі нашых магілёўскіх сяброў з Мінска па відэасувязі, а яны віншавалі нас. Было бачна, што ў людзей святочны настрой, што яны на ўздыме. Мне здаецца, гэта і ёсць самае галоўнае,  што для людзей 25 сакавіка сталася святочным днём. А адзначалі яны разам ці ж проста разышліся па сваіх кватэрах і паднялі келіхі ў сямейным коле  – хіба гэта так важна?

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў