Дзяржава ўзнагародзіла журналіста-гамафоба за «грамадзянскую пазіцыю»

Спецкор «Магілёўскіх ведамасцяў» Віктар Кубека атрымаў «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў.

8 траўня. Магілёў. Алесь Святлицкі


У рамках Дня друку Беларускі саюз журналістаў раздаў узнагароды сябрам арганізацыі. Сярод тых, хто атрымаў «Залатое пяро», быў карэспандэнт «Магілёўскіх ведамасцяў» Віктар Кубека. Сваю ўзнагароду ён атрымаў з рук старшыні БСЖ Анатоля Лямяшонка з фармулёўкай «за грамадзянскую пазіцыю».

Нагадаем, што менавіта Віктар Кубека ў лістападзе 2015 года груба прайшоўся па палітыку Рыгору Кастусёву, напісаўшы ў матэрыяле “Кривая социология” наступнае:

Віктар Кубека

Віктар Кубека

“Для думаючага чалавека ўсё стала на свае месцы, калі на экране ў якасці каментатара з’явіўся той, хто пакрыўся цвіллю пяцігадовай даўнасці, былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Ён і распавёў, што Круглянскі раён вымірае. І гэта звязана з агульным крызісам у вобласці. Што кіраўніцтва рэгіёну нічога не робіць для змены сітуацыі, паколькі для старшыні мясцовага райвыканкама гэтая пасада – толькі прыступка для скачка наверх“.

Пасля гэтага Кастусёву прыйшлося праз афіцыйны зварот да галоўнага рэдактара газеты Святланы Шутавай патрабаваць публікацыі ягонага матэрыялу у адказ.

Летам 2015 года “Магілёўскія ведамасці” апублікавалі артыкул Віктара Кубекі “Традыцыйны адказ на”нетрадыцыйнае”пытанне”. У ім журналіст асуджае прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, адначасна крытыкуючы ЗША:

“Вярхоўны суд ЗША з перавагай у адзін голас прыняў рашэнне аб тым, што заключэнне аднаполых шлюбаў не супярэчыць Канстытуцыі краіны … гэты судовы вердыкт фактычна адкрыў “новыя шляхі развіцця” гомасэксуалізму і лесбіянству. Ну а паколькі ва ўсіх канцах свету нямала людзей, якія з шырока расплюшчанымі вачыма глядзяць прама ў рот «дзядзечцы Сэму» і ловяць кожнае ягонае слова, то трэба чакаць павялічэння колькасці яго прыхільнікаў і ў гэтым кірунку. Сваю ролю згуляе і боязь таго, што апанентаў ён зноў запіша ў «лапцюжнікі». Бо там , за акіянам, і так большасць жыхароў лічаць, што ў кожнай славянскай сям’і жыве прыручаны мядзведзь”.

Віктар Кубека лічыць, што “нетрадыцыйныя формы сэксуальных адносін – шлях да паступовага вымірання людзей і ў канчатковым выніку гібелі чалавецтва”. Ён упэўнены, што ў гомасэксуальнай сям’і можа вырасці толькі гей або лесбіянка:

“Прадбачу пярэчанне: у нас нямала тых, хто па фізіялагічных прычынах не можа мець дзяцей. Так што, і іх “выплюхнуць” за борт сацыяльнай маралі? Адказваю: гэтыя людзі ў большасці сваёй ўсынаўляюць сірот ці тых дзяцей, ад якіх маці адмаўляюцца ў радзільных дамах, і паспяхова выхоўваюць сапраўдных членаў нашага грамадства. А вось калі даручыш такое выхаванне аднаполай «сям’і», няцяжка ўявіць, што выхаваюць яны сабе падобнага”.

Аўтар лічыць, што славяне – асаблівая раса, якой гомасэксуалізм неўласцівы:

“Спадзяюся, не выклікае спрэчак пастулат, што ад фізічнага і маральнага здароўя сям’і залежыць здароўе дзяржавы, паколькі сям’я – асноўная яго вочка. У славян жа, якім спрадвечна непрымальныя гомасэксуалізм і лесбіянства, менавіта сямейныя адносіны, культ шматлікага роду былі асабліва развітыя. Сацыяльная мараль, якую падтрымлівае хрысціянская вера, такой і застаецца, нягледзячы на трансфармацыі, якія дыктуюцца часам”.

Нашай дзяржаве, па задуме Віктара Кубекі, ЛГБТ не патрэбныя, паколькі яны – як хвароба.

“Яшчэ адна важкая прычына гэтай крэпасці – ў падтрымцы дзяржавы. На прыкладзе нашай краіны яна асабліва бачная. Шматдзетныя сем’і маюць істотныя льготы як у атрыманні або будаўніцтве жылля, так і ў рэалізацыі вялікага мацярынскага капіталу, які выдаткоўваецца краінай пры пэўных дэмаграфічных умовах. Таму аднаполыя садружнасці двух індывідаў, як ні круці, аказваюцца злаякаснай «пухлінай» у грамадскім арганізме”.

Напрыканцы, журналіст параўнаў нетрадыцыйную арыентацыю са шкоднай звычкай:

“Ніхто не стане публічна асуджаць асобнага чалавека за “няправільную »любовь”, калі ён сам не падымае хай з нагоды нібыта яго прыгнёту. Дарэчы, у Крымінальным кодэксе краіны нават няма такога крымінальнага артыкула. Але асуджаць з’яву, як асуджаецца алкагалізм, наркаманія (таксама не годнасці), мае права кожны, хто прытрымліваецца прынятых у грамадстве нормаў маралі. І дэбаты на гэтую тэму асабіста для мяне ўяўляюцца залішнімі”.

Віктар Кубека нарадзіўся 24 студзеня 1953 гады ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. У 1975 году скончыў БДУ.
З 1975 па 1979 загадваў аддзелам лістоў у раённай газеце «Дняпроўская праўда» г. Дуброўна Віцебскай вобласці. Больш за пятнаццаць гадоў прапрацаваў у “Магілёўскай праўдзе”, быў намеснікам рэдактара газеты “Вячэрні Магілёў” (1997-1999), да нядаўняга часу – асабісты карэспандэнт “Народнай газеты” па Магілёўскай вобласці.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў