«Дзяржаву трэба вучыць прытрымлівацца таго, што напісана ў законах»

Юрыст БАЖ Алег Агееў правёў у Магілёве семінар па бяспецы журналістаў.

26 чэрвеня. Магілёў. ГЦ «Кола». Ігар Лазоўскі


Чарговая выбарчая кампанія ў Рэспубліцы Беларусь абяцае больш за ўсё праблем тым, хто ўсё яшчэ звяртае на яе ўвагу – у першую чаргу палітыкам і журналістам. Для апошніх ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» правяла чатырохгадзінны семінар, падчас якога юрыст Алег Агееў дапамог разабрацца з асноўнымі пагрозамі дзейнасці журналіста ў Беларусі. Нічога новага – па-ранейшаму асноўная небяспека, на думку ўдзельнікаў семінара, зыходзіць ад дзяржаўных органаў.

IMG_0583

Сярод асноўных пагроз – магчымыя затрыманні, ператрусы і канфіскацыя тэхнікі. Алег Агееў заявіў, што нягледзячы на магчымы бязмежжа, закон абараняе журналістаў. Галоўнае – даць ведаць пра гэта тым, хто здзяйсняе прэсінг:

– Дзяржава павінна выконваць дзве важныя функцыі з юрыдычнага пункту гледжання – не парушаць правы грамадзян і сачыць за тым, каб яны не парушаліся іншымі. Па гэтай філасофіі пабудаваныя нацыянальныя заканадаўствы. Людзі, якія з’яўляюцца аб’ектам прэсінгу для журналістаў – чыноўнікі, прадстаўнікі сілавых структур – пра гэта часта забываюць. Трэба паказваць, што ты ведаеш закон, і што ён – на тваім баку. Вучыць гэтых людзей таму, што напісана ў законах, – лічыць Алег Агееў.

Пры гэтым ён просіць адрозніваць тых, з кім прыходзіцца мець справу:

– У розных людзей розныя ўзроўні падрыхтоўкі. Умоўны сержанцік патрульна-паставой службы, які ведае толькі інструкцыю, наўрад ці будзе ведаць працэсуальныя нормы. Такія і дзейнічаюць часцей за ўсё найбольш брутальна, асабліва калі журналіст пачынае запісваць працэс на аўдыё, фота ці відэа. Афіцэры, якія працуюць даўно, ужо ведаюць пра правы грамадзян, журналістаў, яны дзейнічаюць больш асцярожна. Аднак трэба разумець, што яны могуць выконваць загад, асабліва ў сітуацыях з палітычнай падаплёкай. У такіх выпадках лепш не лаяцца, а паводзіць сябе спакойна і разумець алгарытм сваіх наступных дзеянняў, – сказаў у час семінара юрыст.

IMG_0584

Праблема атрымання інфармацыі – тое, што таксама закранае журналістаў. Чыноўнікі вельмі любяць ўжываць паняцце “акрэдытацыя”, хоць, на думку Агеева, не разумеюць сапраўднае значэнне гэтага слова.

– Атрымліваць ці не атрымліваць акрэдытацыю – гэта выбар журналіста. Яе наяўнасць дае магчымасць прывілеяваных адносін. Аднак калі акрэдытацыі няма, вас не павінны выкідаць з выканкама, гарадскога савета або яшчэ аднекуль. У нашых жа чыноўнікаў акрэдытацыя, чамусьці, раўняецца дазволу на працу журналіста. Але па законе мы маем права збіраць практычна любую інфармацыю, адпаведна і словы пра акрэдытацыю – ня больш, чым спроба ўладаў згуляць на няведанні журналістаў.

На семінары таксама абмеркавалі пытанні распаўсюджвання друкаваных выданняў, юрыдычнага статусу журналістаў сайтаў і куды можна звярнуцца, калі ўзнікнуць праблемы. Алег Агееў запэўніў, што юрыдычная служба БАЖ заўсёды прыйдзе на дапамогу, калі гэта будзе неабходна:

– Абараняць сябе заўсёды цяжэй, чым кагосьці. Таму я лепш парэкамендую звяртацца да спецыялістаў – адвакатаў, юрыстаў, у БАЖ або да мясцовага праваабаронцы Барысу Бухеля, які дастаткова дасведчаны ў пытаннях бяспекі журналістаў, – сказаў Агееў.

IMG_0587

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў