У Магілёве ўпершыню за доўгі час можа прайсці шматлюдная акцыя памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій


ПРАВААБАРОНА / Sunday, October 28th, 2018

Папярэдняя згода была дасягнута паміж праваабаронцамі, грамадскімі дзеячамі, палітыкамі і актывістамі падчас дыскусіі ў грамадскім цэнтры «Кола».

29 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Каля трыццаці чалавек сабралася 26 кастрычніка на дыскусію пра памяць ахвяр палітычных рэпрэсій, што зладзілі магілёўскі філіял праваабарончага цэнтра “Вясна” і сайт пра правы чалавека mspring.online.

Падчас дыскусіі мадэратар Аляксандр Буракоў падняў пытанне аб тым, што ў апошнія гады на акцыі памяці прыходзіць усё менш людзей і ўсё больш расце раз’яднанасць паміж імі.

– У мінулым годзе тры групы чалавек асобна правялі свае акцыі. Прычым нельга сказаць, што на іх было шмат людзей. Памяць аб тым, што савецкая дзяржава масава забівала нявінных людзей, паступова сціраецца. Пры гэтым улады ладзяць святы ў гонар неіснуючага ўжо камсамола і ўдзельнічаюць у мітынгах у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нам спрабуюць загнаць, што камунізм, Савецкі саюз – гэта толькі пазітыў.

Перад прысутнымі выступіў грамадскі дзеяч, пісьменнік Міхась Булавацкі, які распавёў пра тое, як яны з аднадумцамі праводзілі першы ў Магілёве мітынг, прысвечаны памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Прайшоў ён на месцы масавых расстрэлаў, недалёка ад мясакамбіната. Акрамя таго, пры яго ўдзеле быў усталяваны першы памятны крыж на месцы забойстваў. Аднак, лічыць Булавацкі, лагічным крокам з’яўляецца ўсталяванне помніка.

Выступае Міхась Булавацкі

– Помнік у гэтым месцы, як я лічу, неабходны, каб людзі памяталі, як забівала савецкая дзяржава, – заявіў грамадскі дзеяч. Яго сям’я сама пацярпела ад рэпрэсій.

З нагоды колькасці забітых з ім спрабаваў паспрачацца мясцовы лідэр партыі левых «Справядлівы свет» Валер Беразіенка, які таксама прысутнічаў на дыскусіі:

– Ніхто не можа сказаць дакладную лічбу забітых. Не трэба навешваць на дзяржаву тыя забойствы, якіх яно не здзяйсняла, – выказаўся палітык.

На гэта Булавацкі запярэчыў тым, што нават калі дзяржава забівае сотню нявінных чалавек – гэта ўжо страшна. Тым больш, што дадзеныя ёсць розныя, і згодна з сур’ёзнымі крыніцамі, лік ідзе на мільёны, улічваючы не толькі тых, каго растралялі, але і тых, хто загінуў у лагерах.

Гісторык Аляксандр Агееў распавёў, як рэпрэсіі закранулі яго сям’ю:

 Вось у мяне ёсць папера. Булаўкін Павал Спірыдонавіч. Нарадзіўся ў 1878 годзе ў вёсцы Хімы Аршанскага раёна. Гэта мой прадзед. Беларус. Селянін. Арыштаваны 19 верасня 1937 года па артыкуле 72 Крымінальнага кодэкса БССР. Гэта антысавецкая агітацыя. Асуджаны «тройкай» НКУС 28 верасня. Прыгавор – вышэйшая мера пакарання. Канфіскацыя маёмасці. Расстраляны 13 кастрычніка. Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Выступае Аляксандр Агееў

Агееў адзначыў, што ён выпадкова даведаўся пра лёс свайго прадзеда. Насамрэч, вялікая частка беларусаў банальна не ведаюць, што іх родных рэпрэсавалі. Ён выказаў згоду з тым, што трэба спрабаваць правесьці акцыю памяці ахвяраў рэпрэсій сумеснымі намаганнямі. У прыклад ён паставіў арганізацыю мерапрыемстваў у гонар стагоддзя Беларускай народнай рэспублікі:

– Сёлета ўвесну магілёўцы паказалі, што яны ўмеюць самаарганізавацца, дамовіцца і сумесна зрабіць важныя рэчы. Тое ж самае, я думаю, мае сэнс зрабіць і цяпер.

Таксама ён пагадзіўся з ідэяй ўстаноўкі помніка ахвярам палітычных рэпрэсій, адзначыўшы, што толькі сумеснымі намаганнямі гэтага ўдасца дасягнуць.

Палітык Зміцер Салаўёў распавёў, што ў свой час спроба ўсталяваць помнік ахвярам рэпрэсій была:

– Гарвыканкам тады адказаў, што, маўляў, калі ласка, ўстанаўлівайце. Але за свае грошы. Ніякага ўдзелу ва ўстаноўцы дзяржава прымаць не хацела, – паведаміў Салаўёў.

Зараз, адзначыў палітык, шмат што прыдзецца пачынаць спачатку.

Па выніку дыскусіі было прынята рашэнне правесці акцыю памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на месцы расстрэлаў, дзе зараз ўсталяваныя крыжы (раён мясакамбіната), з запрашэннем усіх жадаючых. Дата – 3 лістапада, у 12 гадзін дня.

З фарматам мерапрыемства арганізатары павінны вызначыцца за гэты тыдзень.

Акрамя гэтага, плануецца аднавіць работу па ўсталяванню помніка рэпрэсаваным савецкім рэжымам.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *