Актывіст хоча прыцягнуць да адказнасці “дарожнікаў”, якія ў чацвёрты раз за год не змаглі адрамантаваць дарогу

Ілля Палоннікаў паскардзіўся ў пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю на тое, што ДРБУ №128 не можа справіцца з асфальтам на пад’ездзе да вёскі Севасцянавічы.

24 кастрычніка. в. Севасцянавічы. Алесь Святліцкі.


Каардынатар руху “За Дарогі Магілёў” Ілля Палоннікаў вядомы ў апошні час тым, што арганізаваў у вёсцы Севасцянавічы пад Магілёвам рамонт дарогі намаганнямі жыхароў.

Барацьба за якаснае дарожнае палатно на гэтым не скончылася – зараз Палоннікаў хоча пакараць ДРБУ №128 за тое, што яны не могуць адрамантаваць пад’язныя шляхі да населенага пункту.

Актывіст звярнуўся са скаргай у Камітэт дзяржаўнага кантролю і абласную пракуратуру, у якой папрасіў прыцягнуць начальніка ДРБУ №128 Аляксандра Смірнова і яго падначаленых да адміністрацыйнай адказнасці.

Па словах актывіста, за апошні год дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне чатыры разы латала пад’язную дарогу да Севасцянавічаў, але асфальт усё роўна працяты ямамі.

“Прашу правесці праверку па арганізацыі працоўнага працэсу ў вышэй згаданым ДРБУ, бо няякасныя работы праводзяцца ў 2017 годзе ўжо чацвёрты раз, замест таго, каб адзін раз зрабіць якасна. Гэта вядзе да неабгрунтаваных выдаткаў працоўнай сілы і машына-гадзін спецтэхнікі. На звароты прыходзяць адны адпіскі, што работы выкананы ў поўным аб’ёме“, – указаў у скарзе актывіст.

Акрамя таго, Ілля Палоннікаў абвінаваціў ДРБУ №128 у  “растраце знятага там жа асфальту, які проста скінулі ў кювет, а не адправілі на перапрацоўку“.

У доказ сваёй правасці актывіст прыклаў фотаздымкі дарогі.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў