Магілёў далучыўся да Тыдня супраць смяротнага пакарання


ПРАВААБАРОНА / Monday, October 8th, 2018

Праваабаронцы правялі акцыю з раздачай спэцвыпуску “Народнай волі”.

8 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


8 кастрычніка магілёўскія праваабаронцы і валанцёры раздалі амаль паўтысячы асобнікаў спэцвыпуску газеты «Народная воля». Ён прысвечаны дыскусіі вакол праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.

Спецыяльна для гэтага нумара газеты свае матэрыялы напісалі такія пісьменнікі і праваабаронцы, як Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Сяргей Сыс, Сяргей Дубавец, Галіна Дубянецкая і Паліна Сцепаненка.

На працягу гадзіны разышліся ўсе газеты – нават хутчэй, чым меркавалася. У гэты раз раздача праходзіла ў раёне Пушкінскага праспекта.

Як адзначыў праваабаронца Аляксей Колчын, старэйшае пакаленне разбірала газеты больш ахвотна:

– Друкаваную прэсу яшчэ пакуль рана хаваць. Для людзей ва ўзросце інфармацыя ў газеце, асабліва па такім важным пытанні як смяротнае пакаранне, вельмі важная.

Гэтай акцыяй магілёўцы далучыліся да агульнанацыянальнага Тыдню супраць смяротнага пакарання. Акрамя раздачы газет, 10 кастрычніка ў Магілёве пройдзе форум-тэатр, прысвечаны гэтай праблеме. Ён адбудзецца ў грамадскім цэнтры «Кола» (зав. Чкалава, 16). Пачатак – а 18.30. Уваход бясплатны.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *