Прысуджаны да смяротнага пакарання напісаў два лісты маме ў Магілёў (ФОТА)


СОЦЫУМ / Friday, January 5th, 2018

Людміла Гершанкова распавяла пра зьдзекі над сынам.

5 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Ігар Гершанкоў асуджаны да смяротнага пакарання па справе так званых «чорных рыэлтараў». У снежні 2017 года Вярхоўны суд адмовіў фігурантам справы ў апеляцыйных скаргах на рашэнне суда Магілёўскай вобласці. Зараз выратаваць Гершанкова і Сямёна Беражнога ад смерці можа толькі прэзідэнт ці шчаслівы выпадак.

Гершанкоў знаходзіцца ў СІЗА №1 г. Менска. Два лісты, якія ён адправіў сваёй сям’і напрыканцы снежня ледзь не першыя, што дайшлі да адрасатаў.

Мама Ігара Людміла сказала, што плакала, калі чытала запіскі сына.

– З магілёўскай турмы не прапускалі наогул нічога. Ніводны ягоны ліст на волю не прайшоў. Толькі калі яго перавялі ў СІЗА №1 ў Менску, там ужо далі больш свабоды. Я атрымала лісты пару дзён таму, але спакойна не магу іх чытаць да гэтага часу, – распавяла Гершанкова.

Яна не можа гаварыць пра сітуацыю з сынам – занадта цяжка.

– З Аўстрыі нават тэлефанавалі, прасілі даць каментар, а я не магу. Ігар ціхі і спакойны хлопчык, матам ніколі нават не лаяўся. А ў магілёўскай турме пастаянна ў карцэры апыняўся па надуманых прычынах. Білі яго. Я хадзіла да начальніка турмы і проста ў вочы яму сказала, каб майго Ігара не чапалі.

На 16 лістках ў клетку дробным почыркам Гершанкоў распавядае пра тое, што рабілася падчас магілёўскага перыяду зняволення. Першы ліст ён адправіў 22 снежня – на наступны дзень пасля спаткання з мамай. Другі – 26 снежня.

“Калі казаць пра самае мяккае, то не адпраўляліся мае лісты на імя пракурора для адклікання явак з пакаяннем і з сутнасцю дзеянняў, дзякуючы якім гэтыя яўкі з павіннай былі напісаны, шмат было розных пагроз, шмат маніпулявалі сям’ёй і Таняй (Гершанковай, асуджанай на 24 года па гэтай жа справе – заўв. Святліцкі)”.

У гэтым жа лісце ад 22 снежня Ігар Гершанкоў распавядае пра тое, што падчас затрымання ў сакавіку 2015 года ён папрасіў меддапамогі, пасля чаго яго адвезлі ў лякарню, дзе доктар абяцала зафіксаваць цялесныя пашкоджанні. Тое ж самае ён папрасіў 6 красавіка ў ІЧУ УУС Магаблвыканкама. Калі верыць напісанаму, там да мужчыны ўжылі фізічную сілу, каб выбіць паказанні. Аднак ужо ў СІЗА №1 зняволены даведаўся, што ніякіх запісаў ні ў водным журнале няма.

Мама! Бацька! Але даказаць можна, што ў мяне было шмат цялесных пашкоджанняў на 2015 г. з моманту затрымання. У пратаколе затрымання ад 26.03.2015 я напісаў аб аказанні мне медыцынскай дапамогі! … Зафіксавана і наведванне ў медчастку ІЧУ УУС г. Магілёва датай 06.04.2015, дзе мне мералі ціск, рабілі ўкол і сказалі, што запішуць ўсе цялесныя пашкоджанні (гэта ўжо пасля явак з пакаяннямі), а таксама калі прымалі ў ІЧУ таксама сказалі, што запішуць ўсе цялесныя пашкоджанні. А яшчэ ў ІЧУ прыходзіў чалавек і замяраў лінейкай мае цялесныя пашкоджанні і заносіў іх у нататнік”.

Галоўным доказам гвалтоўнага выбівання паказанняў Гершанкоў называе адсутнасць у матэрыялах справы ўзору ягонага почырку прапіснога шрыфта. Зняволены упэўнены, што з-за гэтага эксперт не змог зрабіць дакладную выснову. Мужчына ў лісце да сваёй маці сцвярджае, што ён не быў замяшаны ў эпізодзе з шасцю забойствамі. Ён скардзіцца на тое, што ягоныя заявы і хадайніцтвы на правядзенне паўторнай почырказнаўчай экспертызы ў «дачыненні явак з пакаяннямі» заўсёды адхіляюцца. Ігар упэўнены, што ўзор яго почырку быў наўмысна скрыты ад эксперта.

У другім лісце, ад 26 снежня, ён працягвае папракаць следства ў нездзяйсненні правілаў.

Калі б следчы прадаставіў гэтыя ўзоры “эксперыментальныя прапіснога шрыфта”, то экспертыза пацвердзіла бы, што сапраўды гэтыя яўкі з павіннай напісаны пад уздзеяннем збіваючых фактараў і ў незвычайным псіхафізілагічнага маім стане“, – падкрэслівае Гершанков.

Ён прама кажа пра тое, што яго білі 5 красавіка з-за чаго яго «трэсла ўсю ноч». Ён абвінавачвае следчага, які вёў справу «чорных рыэлтараў» у нядобрасумленнасці, а таксама распавядае, што паскардзіўся ў Генпракуратуру на спецыяліста, які праводзіў почырказнаўчай экспертызу.

“Мама, напішы ліст прэзідэнту, калі ласка, і пра ўзоры майго почырку пазнач, што следчы наўмысна не падаў іх эксперту і што суд адхіліў усе хадайніцтвы“, – просіць сын. Людміла Адамаўна распавяла, што збіраецца гэта зрабіць у бліжэйшы час.

З ліста таксама становіцца вядома, што Гершанкоў накіраваў просьбу да мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, каб той наведаў яго ў СІЗА №1.

Людміла Адамаўна зможа ўбачыць сына 22 студзеня. У гэты дзень яна збіраецца да яго на спатканне.

Тым часам, паводле афіцыйнай інфармацыі Следчага камітэта, факты збіцця Гершанкова падчас следства не пацвердзіліся.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *