Стала вядома, калі менавіта расстралялі Гершанкова і Беражнога


ПРАВААБАРОНА / Tuesday, December 4th, 2018

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда распавёў аб меркаванай даце выканання прысуду.

4 снежня. Мінск-Магілёў. Алесь Святліцкі


Па словах Палуды, прысуджаны да пакарання смерцю Аляксандр Жыльнікаў праз сваякоў перадаў, што Сямёна Беражнога, які адбываў пакаранне з ім у адной камеры, вывелі ў ноч з 19 на 20 лістапада.Больш ён яго не бачыў.

Мяркуецца, што ў гэтую ноч расстралялі і Беражнога, і Ігара Гершанкова.Родныя даведаліся пра смяротнае пакаранне 27-28 лістапада – фактычна праз тыдзень.

Сцвердзіць дату можна будзе тады, калі абласны суд аддасць сваякам дакумент аб прывядзенні смяротнага прысуду ў выкананне, а ЗАГС выдасць пасведчанне аб смерці.

Цела абодвух мужчын родным не выдадуць, дзе яны пахаваныя – таксама невядома.

Характэрна, што беларуская дзяржава не стала чакаць рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, куды звярнуліся Гершанков і Беражной пасля Вярхоўнага суда.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International ужо выказала пратэст супраць пакарання асуджаных.

Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова   і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *