Фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» каштаваў ёй 270 рублёў.

15 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі | photo – АБ, svaboda.org


Суд Слаўгарадскага раёна аштрафаваў Анжаліку Калатазішвілі на 10 базавых велічынь за рэпост ў «Аднакласніках» фільма блогера NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Суддзя Аляксандр Курылін палічыў, што сваёй публікацыяй у сацыяльнай сетцы жанчына “распаўсюдзіла экстрэмісцкі матэрыял”, які ўключаны ў спіс Рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11 КаАП).

У Слаўгарадзе будуць судзіць жанчыну з інваліднасцю з-за фільма NEXTA. Яе абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў

15 ліпеня адбылося ўжо трэцяе паседжанне па справе, на якое Калатазішвілі не з’явілася з асабістых прычынаў. Раней яна заяўляла аб сваёй невінаватасці. Па яе словах, калі яна паставіла рэакцыю на фільм у “Аднакласніках”, той яшчэ не быў уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Акрамя таго, яна аспрэчвае сам факт размяшчэння фільма – на яе старонцы была толькі карцінка з яго.

Адразу пасля таго, як міліцыя заявілася да яе дадому для апытання 12 чэрвеня, Калатазішвілі выдаліла пост са сваёй стужкі. Зрэшты, не дапамагло.

Міліцыя «наехала» на актывістку ў Слаўгарадзе з-за рэпосту фільма NEXTA пра Лукашэнку. У жанчыны – інваліднасць

Падставай для штрафу стаў рапарт супрацоўніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрыя Раўнейка, а таксама сведчанні супрацоўнікаў Слаўгарадскага РАУС Юрыя Дзянісава і Дзмітрыя Манько. Апошнія, фактычна, і вялі адміністрацыйны працэс у дачыненні да жанчыны.

Калатазішвілі мае намер абскардзіць штраф у судзе Магілёўскай вобласці.

У Анжалікі Калатазішвілі вялікія праблемы са здароўем. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Сутыкнуўшыся з бязмежжам, Калатазішвілі стала паслядоўна крытыкаваць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады. Яна публікавала ў сваіх сацсетках інфармацыю аб праблемах у ЖКГ, міліцэйскіх памылках, паведамленні аб успышках COVID-19 у райцэнтры.

Міліцэйскі пераслед яна расцэньвае як спробу ціску за сваю грамадзянскую пазіцыю.