Магілёўскія камуністы адсвяткавалі дзень нараджэння Леніна мітынгам у цэнтры горада. Хіба так можна?


ПРАВААБАРОНА / Monday, April 23rd, 2018

Любая вулічная актыўнасць апазіцыі пераследуецца органамі ўнутраных спраў. Але аматараў Леніна міліцыя не чапае.

23 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Каля дзесяці чалавек, у асноўным сталага ўзросту, адзначылі 22 красавіка дзень нараджэння Леніна на самай вялікай плошчы Магілёва перад будынкам аблвыканкама. Магілёўскія камуністы пад партыйнымі сцягамі ўсклалі кветкі да помніка Ільіча. Сведкам падзеі стаў фрылансер Яўген Глушкоў, які апублікаваў фота ў сваім Facebook.

Мерапрыемства зацікавіла магілёўскіх праваабаронцаў. Аляксандр Буракоў накіраваў у гарвыканкам зварот, у якім пацікавіўся, ці быў маленькі збор у цэнтры горада узгоднены ўладамі.

– Згодна з дзейным рашэннем Маггарвыканкама  «Аб масавых мерапрыемствах», у Магілёве вызначана толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэта пляцоўка каля дома 64а па вуліцы Чалюскінцаў, па сутнасці – стадыён. Чаму камуністы спакойна правялі свой мітынг прама перад носам уладаў – незразумела.

Акрамя гэтага, як распавёў праваабаронца, арганізатарам любога масавага мерапрыемства трэба заключаць дамову на дзяжурства медыцынскіх работнікаў і камунальнікаў, аднак іх на сустрэчы камуністаў не было.

– Магчыма, улады не адрэагавалі, паколькі зрабілі выгляд, што падзея не з’яўляецца масавым мерапрыемствам. Аднак згодна з законам, любая сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы, у тым ліку пад адкрытым небам, у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння прыраўноўваецца да пікетавання.

Буракоў прыгадаў, што раней магілёўскія дэмакраты неаднаразова спрабавалі дамагчыся правядзення масавых мерапрыемстваў на плошчы Леніна, аднак гарвыканкам ім кожны раз адмаўляў.

Камуністычная партыя Беларусі нібыта знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы ў параўнанні з іншымі. У 2017 годзе АГП падавалі заяву на правядзенне акцый на плошчы Леніна, аднак ім літаральна ткнулі пад нос дазволенае месца па вул. Чалюскінцаў. Хоць роўнасць усіх грамадскіх арганізацый і палітычных партый перад законам гарантуецца Канстытуцыяй.

Як адзначыў праваабаронца, ён звярнуўся ў гарвыканкам не для таго, каб камуністаў пакаралі. Наадварот – Буракоў лічыць, што права праводзіць мірныя сходы на цэнтральнай плошчы Магілёва павінна быць ва ўсіх.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *