Суд Бялыніцкага раёна прысудзіў 20 базавых велічынь штрафу журналістцы Дар’і Чульцовай за сюжэт пра галоўнага беларускага ідэолага Андрэя Кунцэвіча.

24 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як першакрыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Журналістка-фрылансер Дар’я Чульцова атрымала штраф у 510 рублёў за рэпартаж з Бялынічаў аб былым намесніку старшыні Магілёўскага аблвыканкама, цяпер – намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэе Кунцэвічэ.

Сюжэт быў паказаны 22 жніўня ў эфіры тэлеканала БелСАТ. Суддзя суда Бялыніцкага раёна Паўлава прыйшла да высновы, што гэта менавіта Чульцова і аператар Міхаіл Аршынскі вырабілі відэа, паказанае па ТБ.

Падчас судовага працэсу, які адбыўся 18 кастрычніка, суддзя апытала дырэктарку бялыніцкай СШ №1 (яе сканчаў Кунцэвіч) Таццяну Балдышэўскую, а таксама настаўнікаў навучальнай установы Дзмітрыя Ляшука і Дануту Клопаву, якія з’яўляліся ў кадры. Усе яны апазналі Чульцову і заявілі, што рэпартаж рыхтавала яна.

Балдышэўская распавяла, што асабіста азнаёміла журналістку з фотаальбомам ў школьным музеі:

– Мы ганарымся сваімі вучнямі і мы рады увазе СМІ да нашай школы, – сказала падчас суду дырэктарка.

Яна заявіла, што бачыла сюжэт – яе словы не былі скажонымі. Пра гэта ж заявілі настаўнікі Клопава і Ляшук: фактычна, журналісцкую працу Чульцова зрабіла прафесійна.

Нягледзячы на ​​гэта, Бялыніцкі РАУС завёў адміністрацыйную справу – па закону Рэспублікі Беларусь аб СМІ, БелСАТ лічыцца замежным тэлеканалам, а значыць, усім яго журналістам неабходна атрымаць акрэдытацыю ў МЗС. Зрэшты, журналістам БелСАТ, колькі б яны не спрабавалі яе атрымаць, заўсёды адмаўлялі.

Суддзя Паўлава прыслухалася да меркавання міліцыі і прызнала віну Чульцовай ў “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” (22.9 КоАП), прызначыўшы штраф у 20 базавых велічынь. Сама Дар’я на судзе не прысутнічала.

Гэта была другая спроба прыцягнуць фрылансерку да адказнасці за сюжэт пра Андрэя Кунцэвіча. Першая правалілася – 26 верасня суддзя Аксана Загорская адправіла матэрыялы адміністрацыйнай справы Чульцовай на дапрацоўку, таму што ў іх налажала міліцыя.

Суд из-за видеосюжета про главного белорусского идеолога отменили